Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі на тэму смяротнага пакарання
Грамадства
14.11.2014 12:05

Ці мае сэнс смяротнае пакаранне? Якая альтэрнатыва гэтаму пакаранню? Якое становішча займаюць па гэтым пытанні дзяржаўныя ўлады, грамадства і хрысціянскія канфесіі Беларусі?

Гэтыя і іншыя пытання былі закрануты падчас міжнароднай канферэнцыі «Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі», якая адбылася ў Мінску 13-14 лістапада.

Шматлікія спецыялісты ў галіне юрыспрудэнцыі, сацыялогіі, багаслоўя і іншых сфер імкнуліся супольнымі высілкамі акрэсліць выразную мяжу, якая павінна аддзяліць сучаснае грамадства ад варварскага. Такой мяжой для большасці сабраных з’яўляецца менавіта смяротнае пакаранне.

Актыўны ўдзел у канферэнцыі прыняў таксама Каталіцкі Касцёл.

Прадстаўнік арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча а. др. Аляксандр Улас OFM Conv зачытаў перад удзельнікамі канферэнцыі даклад Мітрапаліта, які ў сувязі з месцам правядзення канферэнцыі палічыў немагчымым прысутнічаць асабіста. Як адзначыў у сваім дакладзе арцыпастыр, ён шчыра вітае тэматыку канферэнцыі, лічачы яе вельмі важнай. Аднак іерарх не вітае, што канферэнцыя праходзіць у будынку гатэля, пабудаванага ў былым кляштары айцоў бернардынаў. Паводле слоў Мітрапаліта, стварэнне гатэлю, і яшчэ з назвай «Манастырскі» — гэта не што іншае, як блюзнерства ў адносінах да вернікаў і Касцёла.

«На многія нашы афіцыйныя запыты адносна гэтага будынка, які доўгі час заставаўся пустым, мы не атрымалі ніводнага адказу», — адзначыў іерарх.

«Бараніць кожнае чалавечае жыццё»

У сваім дакладзе арцыпастыр разгледзеў стаўленне Каталіцкага Касцёла да смяротнага пакарання ў гістарычным аспекце, адзначыўшы, што «Каталіцкі Касцёл у мінулым не супраціўляўся смяротнаму пакаранню і з часоў Сярэднявечча падтрымліваў яго, асабліва за абвяшчэнне нязгодных з каталіцкім вучэннем поглядаў, так званых ерасяў, за практыку чараўніцтва, гомасексуалізм і г.д.». Аднак, паводле слоў іерарха, пры гэтым касцёльныя суды не мелі права асуджаць на смяротнае пакаранне — гэтае права належала толькі свецкім судам.

У далейшым жа Касцёл кардынальна зменіць свае погляды ў гэтай галіне. «Евангельская ідэя міласэрнасці, аб якой так шмат гаворыць Хрыстус, сама сабой паставіла пытанне аб адмене смяротнага пакарання, — зазначае арцыпастыр. — Таму як Каталіцкі Касцёл, так і Праваслаўная Царква і іншыя хрысціянскія веравызнанні клапаціліся і далей клапоцяцца аб памілаванні асуджанага на смерць».

Цалкам тэкст даклада тут

Як адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, даследаванні краін з адменай смяротнага пакарання і краін, дзе такі від пакарання яшчэ выкарыстоўваецца, сведчаць, што «смяротнае пакаранне не пацвярджаюць уплыву на працэс выхавання чалавека, бо колькасць злачынстваў у такіх краінах не змяншаецца, падобна таму, як і не павялічваецца там, дзе яно адменена».

Касцёл бароніць кожнае чалавечае жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. «Касцёл лічыць жыццё святым, непарушным і самым каштоўным дарам Творцы і заступаецца за асуджаных на смяротнае пакаранне, — дадаў арцыпастыр. — Асаблівымі прыхільнікамі забароны смяротнага пакарання з’яўляюцца Папы св. Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і сучасны Пантыфік Францішак. Іх голас мужна гучыць у сучаным свеце, напоўненым рознымі нябяспекамі, пагрозамі і ідэалогіямі».

Кіравацца Хрыстовым загадам любові

У канферэнцыі прыняў удзел таксама кс. др. Зігфрыд Глезер, які распавёў пра няпросты шлях, які прайшла Польшча ў заканадаўчай адмене смяротнага пакарання. Святар заахвоціў прысутных прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій Беларусі да супольнага абмеркавання гэтага пытання, адным з рашэнняў якога мог бы стаць мараторый на смяротнае пакаранне.

Яшчэ адным прадстаўніком Каталіцкага Касцёла, які выступіў на канферэнцыі, быў выкладчык гродненскай семінарыі кс. др. Мікалай Ціхановіч, які асаблівую ўвагу звярнуў на той факт, што прыхільнікі смяротнага пакарання зыходзяць часта з эмацыйнага стану і жадання помсты, але гэта не можа быць прычынай забіцця чалавека.

Як зазначыў кс. Мікалай Ціхановіч, помста з’яўляецца грахом і хрысціяне ў сваіх паводзінах павінны кіравацца не законам Старога Запавету «вока за вока і зуб за зуб», а Хрыстовым загадам любові, якога так не хапае сучаснаму грамадству.

Святар заўважыў, што вельмі часта звычайнае праяўленне міласэрнасці, любові і пашаны ўспрымаецца сучасным грамадствам як гераічны ўчынак, што сведчыць аб занядбанні гэтых каштоўнасцяў у грамадстве.

А. Аляксандр Улас OFM Conv

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Грамадства

01.02 14:45Пад Кобрынам пройдзе II кангрэс медыкаў-хрысціян Усходняй Еўропы
20.10 15:26«Мой сябар Джэйсан»: прэм’ера монаспектакля на тэму інклюзіі прайшла ў мінскім Чырвоным касцёле
13.04 16:51Віртуальны музей кляштара картузіянцаў прэзентуюць у Бярозе
04.04 12:59«Адзіны спосаб выказаць любоў да мяне — судакрануцца падушачкамі пальцаў»: прэм’ера спектакля на тэму аўтызму прайшла ў Мінску
24.03 13:11Насельніцтва Астраўца з запускам Беларускай АЭС павялічыцца ў 2,7 разы
22.03 18:12Інклюзіўны фестываль творчасці дзяцей і моладзі «Фарбы жыцця» прайшоў у Мінску
11.03 10:23Бясплатная паслуга дзённага дагляду пажылых людзей з’явіцца ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці
10.03 18:04У Мінску прайшла канферэнцыя на тэму смяротнага пакарання
18.12 21:36Місія «Чыстае сэрца» перад Божым Нараджэннем парадавала хлопчыкаў з Крывіцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча
13.08 16:25У Беларусі знізілася колькасць шлюбаў і разводаў