Лекцыю пра маральны бок транспланталогіі ў медыцынскім універсітэце Віцебска прачытаў грэка-каталіцкі святар |
Грамадства |
30.01.2015 10:49 |
Грэка-каталіцкі святар Дзмітрый Грышан, які ўзначальвае парафію ў Віцебску, быў запрошаны на факультэт постдыпломнай адукацыі ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лекцыю па транспланталогіі для выкладання пытанняў маральных і духоўных аспектаў. Спачатку святар сустрэўся з прафесарам і куратарам дысцыпліны Анатолем Шчасным і выступіў перад курсантамі, якія прыехалі да віцебскіх навукоўцаў з розных гарадоў Беларусі. Сваю лекцыю айцец Дзміцер Грышан пачаў цытатай з кнігі прымудрасці Сіраха пра ўрача і ўрачаванне. Святар засяродзіў таксама ўвагу на асноўных дакументах Касцёла якія акрэсліваюць духоўныя аспекты трансплантацыі органаў і тканяў, — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, энцыкліка Святога Яна Паўла II «Evangelia Vitae», «Хартыя працаўнікоў аховы здароўя», прапанаваная Папскім Саветам па апецы працаўнікоў службы здароўя, а таксама «Заява Папскай Акадэміі навук». Вельмі шмат этычных, медыцынскіх і тэалагічных пытанняў было агучана падчас лекцыі. У якасці прыклада прафесійнага і духоўнага ўзрастання ўрача-трансплантолага святар прывёў мастацкі фільм рэжысёра Лукаша Палькоўскага па сцэнарыю Кшыштафа Ракі «Богі» (2014г.), які распавядае пра першую трансплантацыю сэрца ў Польшчы доктарам Збігневам Рэлігам ў 1985 годзе. Гэты ж фільм быў паказаны на лекцыі. Працягам абмеркавання пытанняў транспланталогіі стане ХІ медыцынская канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце», якая пройдзе ў Віцебску ў маі бягучага года. Людміла Ярмолава |