Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць, прысвечаная св. Францішку Асізскаму, адбылася ва Удзеле |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
04.10.2010 14:04 |
3 кастрычніка 2010 г. у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ва Удзеле (Віцебская дыяцэзія) адбылася ўрачыстасць, прысвечаная св. Францішку Асізскаму. Святую Імшу канцэлебравалі а. Валяр’ян Ян Хернік OFMConv, кс. прэлат Мечыслаў Янчышын, кс. Віталь Галец, а. Міраслаў Капчэўскі OFMConv, а. Вальдэмар Куява OFMConv, кс. Уладзіслаў Мрувка, кс. Мар’ян Грабэльскі. Літургію ўзначаліў кс. Андрэй Кулік з Падсвілля. Гамілію прамовіў кс. Андрэй Драгун з Глыбокага.
У гаміліі святар нагадаў вернікам біяграфію святога Францішка і прывёў словы святога: «Над усімі дарамі і ласкамі Духа Святога найважнейшы — дар стрыманасці да самога сябе і ахвотнае маўчанне перад крыўдамі, цярпеннямі, дакучаннямі і знявагамі іншых, дзеля любові да Хрыста». Святар падкрэсліў таксама праблему веры, якая існуе ў сучасным свеце. «Вера — гэта Божы дар, — адзначыў кс. Андрэй Драгун. — Яна як прыгожы духоўны дом, які падарыў табе Бог, але вера — гэта таксама задача, каб дбаць аб парадку ў гэтым доме. На жаль, многа ёсць людзей, якія не дбаюць аб парадку. Больш за тое: яны згубілі ключы ад дзвярэй і не могуць выйсці з дому. Замкнуліся ў эгаізме, пысе, нянавісці. Забыліся аб святкаванні нядзелі і прабачэнні бліжняму. А cатана паставіў у іх пакоях краты, каб не выйшлі праз вокны. Гэтымі кратамі з’яўляецца тое, што аддаліла нас ад Бога». «Трэба пачаць дбаць аб чысціні і здымаць краты, — дадаў святар. — Праз краты нельга глядзець на іншага чалавека». Поўны тэкст гаміліі тут>>>
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.