Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З «Духоўнага дзённіка» Юрыя Матулевіча. Трэба смела і адважна ісці да мэты дарогай, якую даў нам Бог |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
31.01.2011 13:33 |
У падмурак усіх нашых задум і прац мы павінны класці нашу ўласную святасць. Толькі тады ім будзе на чым цвёрда стаяць. Для свайго духоўнага ўдасканалення ніколі нельга шкадаваць ні часу, ні сродкаў (ДД 6). Так ужо імкнецца чалавек сваю будучыню аберагчы ад усякіх нечаканых нягодаў, так хочацца яму застрахавацца ад усялякіх няшчасцяў. Але ці ж магчыма гэта зрабіць без Бога? Адна невялічкая драбніца разбурыць увесь твой казачны палац; адно недарэчна вымаўленае слова, адна хвароба, адзін нягодны чалавек знішчыць усё тое, што ты з такой дбайнасцю і вялікімі намаганнямі дасягаў. А што ўжо казаць пра смерць? Ці не спакайнейшы чалавек, ці не смялей глядзіць у будучыню, калі цалкам, з жывой вераю, аддаўся Божаму Провіду? Бо і волас не ўпадзе з нашай галавы без Божае волі, ані найменшая птушка не згіне без Божага ведама (…). Будзьма мудрымі, сціплымі і разумнымі, каб рабіць усё магчымае, але ж будзьма і смелыя, каб адважна ісці да сваёй мэты, з глыбокім перакананнем, што нас вядзе рука Божага Провіду. Як немаўля спакойна адпачывае ў руках маці, так і мы працуйма яшчэ спакайней і будзьма яшчэ больш спакойнымі на ўлонні Божага Провіду (ДД 19). Дай, Божа, каб нас ахапіла адна вялікая ідэя: працаваць, зносіць цяжкасці і цярпенні для Касцёла, так прымаць касцёльныя справы, каб цярпенні, клопаты і раны Касцёла былі цярпеннямі, клопатамі і ранамі нашага сэрца; каб мы загарэліся тым адным жаданнем — нічога тут на зямлі; не спадзеючыся і не шукаючы, не чакаючы ніякай узнагароды, прысвяціць сваё жыццё Богу і Касцёлу — сцерціся, знікнуць у працы, пакутах і змаганні для Касцёла. Дай нам тую вялікую адвагу, не баючыся ніякіх перашкод з боку свету і яго сілы, не паддаючыся ніякаму страху, працаваць і змагацца для Касцёла, асабліва там, дзе найбольшая патрэба (…). Учыні, каб усе нашыя думкі, памкненні і жаданні былі накіраваны да аднаго: паўсюль несці Хрыста, усё напаўняць Яго духам, усюды ўзвялічваць імя Касцёла (ДД 24). Вельмі важна ўмець добра змагацца за праўду. Трэба так умець бараніць праўду, каб нават яе ворагі пераканаліся, што абаронца праўды ставіцца да іх з любоўю і пашанай. Трэба асцерагацца, каб не сказаць што-небудзь крыўднае ворагу, балючае, тое, што зраніць яго сэрца, бо тады мы толькі адштурхнём яго ад Касцёла. Нават кажучы пра памылкі, варта пазбягаць насмешкі і пагарды. Найлепей было б тут выкласці ва ўсёй чысціні каталіцкую навуку, а з гэтага само сабой выйдзе, што іншыя меркаванні памылковыя. Мне заўсёды здавалася, што пазітыўная праца ўсё ж лепшая за негатыўную (ДД 64). Калі душу пачынаюць вярэдзіць дрэнныя думкі, што вынікаюць з нашай сапсутай натуры, ці шатан падкідвае спакусы, трэба больш і даўжэй маліцца, каб воля, умацаваная малітвай, магла перамагчы злое. Бл. Юры Буду старацца, каб не занядбаць працы з-за малітвы, ані малітвы з-за працы. «Маліся і працуй». Без заўсёднай малітвы душа марнее і вяне, сілы гаснуць, дух рассейваецца і праца не мае плёну. З другога боку, не трэба забывацца, што не толькі молячыся, але і працуючы для Божай хвалы, мы праслаўляем Бога і служым Яму (…). Вельмі важна прызвычаіцца да малітвы ў вельмі кароткія хвілінкі вольнага часу, г.зн., ідучы ад адной працы да другой, куды-небудзь едучы, нават ідучы пагуляць, калі адрываешся ад працы, ад людскога таварыства, ад свайго занятку. Без такой малітвы, без заўсёднага ўзнясення духа да Бога мы нядоўга вытрымаем у дзейным жыцці. І зноў жа, праца, ажыўленая малітвай і асвячоная кароткімі зваротамі да Бога, бліскавічнымі ўзлётамі думкі і сэрца, вельмі дасканаліць чалавека і яднае з Богам. Так, пражыўшы дзень, увечары адчуваеш дзівосны спакой, і сэрца радуецца, што дзень прайшоў недарэмна (ДД 27). Давайце вучыцца жыць у Божай прысутнасці, давайце быць напагатове да выканання Божых планаў, і малітва «затопіць» нашыя душы. Найвышэйшая прыступка святасці — умець заўсёды і ўсюды, у любых абставінах, падчас кожнай працы, сярод розных людзей жыць з Панам Богам, яднацца з Ім, мець Яго ў сваім сэрцы, знікаць у Ім, радавацца і цешыцца Ім, шукаць Яго, да Яго ўздымацца, любіць, а не толькі ў капліцы, калі мы кленчым і «адгаворваем» малітвы (ДД 35). Трэба смела і адважна ісці да мэты дарогай, якую даў нам Бог, туды, куды вядзе нас Божы Дух, не звяртаючы ўвагі на ўсе перашкоды і не баючыся нічога. Калі напоўнімся Божым Духам, то, у рэшце рэшт, усё пераадолеем. Бл. Юры Не трэба баяцца пакутаў дзеля Божай хвалы і Касцёла, не трэба баяцца рызыкаваць, калі гэта апраўдана ў Божых справах, бо тут ніколі не прайграеш. Калі б і не ўдалася праца ці задума, Бог усё роўна прыме наш добры намер і высілкі. У Бога нічога не страчваем, а нават яшчэ і здабываем (ДД 14). Мы павінны быць апосталамі згоды, любові і спакою. Столькі нянавісці цяпер на свеце: трэба нагадваць людзям, што мы — дзеці аднаго Айца. Бл. Юры Трэба трымацца ўласнай думкі, але да людзей з іншымі поглядамі ставіцца з праўдзівай любоўю. Толькі сваёй глыбокай перакананасцю, моцнай верай, любоўю і гарачым сэрцам прыцягнем іншых да Бога і да праўды, а не лаянкай, нападкамі, крыўдамі і абразай (ДД 59). Не з ганьбавання, зневажання і пагарды трэба пачынаць працу аднаўлення ў Хрысце, але з паглыблення ў сябе, з глыбейшага ўзірання ва ўласнае жыццё і паводзіны, з самаадрачэння, з намагання змяніць сваё жыццё і як мага дасканала жыць паводле Божай волі. Найперш трэба самому пачаць хадзіць Божымі шляхамі, а пасля ўжо іншых цягнуць за сабой, заахвочваючы ўласным прыкладам (ДД 34). Бог такі добры і ласкавы, што шукае нас першы. Сваёю ласкай нас уздымае, абуджае з духоўнага сну, нястомна пабуджае і заахвочвае, каб мы працавалі для Яго хвалы. Ён нас вядзе і вабіць угару, да штораз большай дасканаласці і да ўсіх добрых справаў. Бл. Юры Не трэба трапляць у роспач ад цяжкасцяў і пераследаў, а толькі радавацца і праслаўляць Бога за тое, што мы сталіся годнымі цярпець дзеля Яго Імя і дзеля Касцёла. Калі ўзнікнуць нейкія намовы, пераследы і папрокі, трэба стаць яшчэ больш асцярожнымі, задумацца, ці мы ў чым не зграшылі, і старацца жыць больш дасканала, не занядбоўваючы працы, але выконваючы яе з большым запалам. На ўсё трэба глядзець у святле Вечнасці, ва ўсім самаахвярна шукаць Бога і старацца толькі Яму ўпадабацца. Бл. Юры Добра адчуваю, што толькі тады здабудзеш праўдзівую свабоду Божых дзяцей, калі, пазбыўшыся самалюбства, апранешся ў шаты Хрыстовага духа і ласкі, калі, адрокшыся ад сябе, свету і шатана, пачнеш уваходзіць і паглыбляцца ў Бога, калі, пакінуўшы сваё марнае цела і цеснае гняздоўе гэтага свету, паселішся ў пакоях Найвышэйшага. Якім жа ясным становіцца тады розум, вольным — дух, шырокім і адкрытым — сэрца. Толькі тады па-сапраўднаму пачынаеш адчуваць, што ўсе людзі — браты, а чалавецтва — адна сям’я. Пачынаеш тады абдымаць усіх гарачым сэрцам, з любоўю туліць да грудзей. Здаецца, усю кроў сваю аддаў бы па кропельцы, каб толькі гэтых братоў сваіх, гэтую Божую сям’ю прывесці да Бога, да Касцёла, паяднаць з Хрыстом! Божая любоў, увайшоўшы ў нашае сэрца, пашырае яго настолькі, што яно можа змясціць і абагрэць усіх людзей, нягледзячы на іх стан і нацыянальнасць. Калі душа чалавека, ахопленая Святым Духам, уздымаецца і ляціць да тых вышыняў, дзе невымоўнай і бязмежнай хвалой яснее Найсвяцейшая Тройца, і калі яна зірне адтуль на гэты свет, якім жа ён здаецца нікчэмным і дробным! Гледзячы на свет з тых векавечных вышыняў, мімаволі вучышся ацэньваць кожную рэч на зямлі больш аб’ектыўна і ставіць яе на сваё месца; вучышся карыстацца стварэннямі як прыладамі для большай хвалы Бога. Што яны могуць даць вечнасці, большай хвале Бога, збаўленню душ, Касцёлу, майму ўласнаму ўдасканаленню (ДД 31)? |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.