7 снежня ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў склала вечныя шлюбы сястра служабніца Езуса ў Эўхарыстыі Ірына Папакуль. Імшу ўзначаліў а. Анджэй Бочар, пробашч парафіі ў Далёкіх, удзельнічалі пробашч браслаўскай парафіі кс. Антоній Земба, кс. Лешэк Вітвіцкі і кс. Павел Кнурэк, пробашч парафіі ў Лынтупах. Урачыстасць сабрала сясцёр эўхарыстак з розных куткоў Беларусі, каб падзякаваць Богу за дар паклікання с. Ірыны і кожнай эўхарысткі.
Сястра Ірына Папакуль нарадзілася і выхоўвалася ў Далёкіх у шматдзетнай сям’і, пятае і малодшае дзіця Фэліцыі і Пятра Папакуль, якія стараліся выхоўваць сваіх дзяцей па-хрысціянску, даючы прыклад веры, малітвы і ахвяры. 9 гадоў таму сястра Ірына пачала першыя крокі на дарозе паклікання ў браслаўскай парафіі ў супольнасці Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі.
Вялікая сям’я, з якой паходзіць сястра Ірына, сабралася вакол алтара, каб падтрымаць яе малітвай і прысутнасцю.
Айцец Анджэй Бочар у гаміліі адзначыў, што кожнае пакліканне - знак таго, што існуе Валадарства Божае, а хабіт – знак для людзей у сучасным свеце. Пакліканне – гэта, па словах святара, не толькі справа чалавека, якога паклікаў Бог да асаблівага служэння, але і дар і ахвяра для ўсяго Касцёла.
Сястра Ірына, звяртаючыся да прысутных, сказала: “Радасць і ўдзячнасць. Менавіта гэтымі пачуццямі напоўнена сёння маё сэрца. Удзячнасць у першую чаргу Богу, бо Ён – пачатак усяго добрага.
Сёння асаблівым чынам прагну дзякаваць за ласку веры, за дар паклікання, за тое, што Езус вядзе праз жыццё і за тых людзей, якімі паслугоўваецца і ставіць на маім шляху.
Канешне, асаблівае “дзякуй” хачу скіраваць да маіх бацькоў. Паважаныя мама і тапа, дзякуй вам за ваша выхаванне, за тое, што перадалі мне веру, за тое, што ад маленства пазнаёмілі мяне з Езусам, прысутнасць якога адчуваю ў маім жыцці, за прыклад веры, малітвы і ахвяры, за малітоўную падтрымку.
Яшчэ дзве значныя асобы ў маім жыцці. Гэта кс. Кшыштаф Менкіна, які быў першым маім пробашчам. Мне заўсёды здавалася, што ён любіў мяне больш за ўсіх дзяцей, што, думаю, паўплывала на мае адносіны з Богам. Гэта вельмі добра памятаю, хоць, калі яго забралі з нашай парафіі, мне было толькі 7 гадоў.
І кс. Анджэй Бочар, які, напэўна, не памылюся, калі скажу, што вельмі паўплываў на маё пакліканне, на маю веру, на маё духоўнае жыццё. Ён заўсёды быў і ёсць для мяне прыкладам, духоўным айцом, сябрам і малітоўным заплеччам, добра гэта ведаю і адчуваю”.
Сястра падзякавала таксама сваёй законнай сям’і і ўсім, хто прыбыў на ўрачыстасць, каб падтрымаць яе малітвай. Паводле сайта санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў
(AG) Фота з сайта санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў
|