Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выстава, прысвечаная гісторыі Касцёла на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі, працуе ў Віцебску
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.12.2013 15:53

З 30 лістапада ў будынку Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі працуе выстава, прысвечаная гісторыі Рыма-Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі.

Віцебская дыяцэзія маладая, утворана 13 кастрычніка 1999 года, але Касцёл на гэтых землях існуе ўжо не адно стагоддзе. Тэрыторыя сучаснай дыяцэзіі складаецца з часткі колішняй Віленскай дыяцэзіі, пазней архідыяцэзіі, і невялікай часткі Магілёўскай архідыяцэзіі.

Благаслаўлёны Ян Павел II у Апостальскім лісце “Tertio millenio adveniente”, прыпамінаючы, што “Касцёл першага тысячагоддзя нарадзіўся з крыві пакутнікаў” і “што гэтае сведчанне не можа быць забыта”, адначасова канстатаваў, што ў ХХ стагоддзі вярнуліся пакутнікі. Часта гэта пакутнікі невядомыя, і, калі гэта магчыма, іх сведчанне не павінна быць забыта ў Касцёле, таму “трэба каб лакальныя Касцёлы, збіраючы неабходную дакументацыю, зрабілі ўсё для захавання памяці тых, якія панеслі пакутніцтва”. З мэтай нагадаць пра трагічныя старонкі жыцця Касцёла у ХХ стагоддзі, пра тых, хто аддаў сваё жыцце ці пацярпеў за веру ў Хрыста, пра тых, хто  здолеў захаваць веру у цяжкія часы сацыялізму, нястомна працаваў для Касцёла, і была створана выстава. Яе ўдалося арганізаваць дзякуючы дапамозе і добразычлівасці вялікай колькасці як духоўных, так і свецкіх асобаў, якія пазычалі рэчы для яе, перавозілі іх, дапамагалі пры афармленні.   
 
Выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы, прысвечаны гісторыі існавання  Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Еўхарыстыі, у гэтым годзе мелі магчымасць убачыць парафіяне Друі, калі 19 сакавіка ў друйскім касцёле святкавалі 90-годдзе заснавання гэтай Кангрэгацыі.З мэтай, каб пра жыццё сясцёр эўхарыстак даведалася як мага больш людзей, гэтая частка выставы дэманструецца ўжо другі раз, цяпер у Віцебску. Кангрэгацыя была ўтворана ў 1923 годзе благаслаўлёным біскупам Ежы Матулевічам у Друі, з таго часу дзейнасць сясцёр эўхарыстак была цесна звязана з Беларуссю. Першым дырэктарам Друйскай гімназіі была адна з заснавальніц Кангрэгацыі сястра Ванда Еўтэ. У пасляваенны час на тэрыторыі сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі з законных сясцёр засталіся толькі эўхарысткі, якія вымушаны былі не насіць хабіты, каб не дэманстраваць прыналежнасць да манаства (не выключана, што на гэтых тэрыторыях працавалі і бесхабітовыя сёстры). Менавіта эўхарысткі падтрымлівалі святароў, высылаючы ім пасылкі ў лагеры, вялі іх гаспадарку, шылі і перашывалі літургічныя шаты і іншыя літургічныя рэчы, выпякалі аплаткі і камуніканты, выраблялі свечы, праводзілі катэхізацыю дзяцей, друкавалі на пішучых машынках катэхізісы. Аб гэтай дзейнасці сясцёр расказвае першы раздзел выставы. Тут можна ўбачыць іх рэчы, прылады працы, кнігі і абразы, якія належалі ім.

Другі раздел выставы прысвечаны айцам марыянам. У гэтым годзе спаўняецца 90 гадоў з таго часу, калі ў Друі пачаў дзейнаць кляштар адроджанай благаслаўлёным біскупам Матулевічам  Кангрэгацыі айцоў марыянаў. На выставе прадстаўлены кнігі з канстытуцыямі марыянаў, кнігі, якія належалі ім, у прыватнасці кніга айца Язэпа Германовіча, паэта і пісьменніка, пра што сведчыць надпіс на кніге, зроблены, праўдападобна, рукой самога святара. Маюцца кнігі айца Язэпа Дашуты, у свой час пробашча друйскай парафіі. Побач - кнігі з парафіяльнай і асабістай бібліятэк айцоў марыянаў. На выставе знаходзяцца і падручнікі міжваеннага перыяду. Паколькі знойдзеныя яны менавіта ў друйскім кляштары, можна меркаваць, што па гэтых падручніках вучыліся ў друйскай гімназіі.

На выставе прадстаўлены штотыдневікі айца марыяніна Люцыяна Паўліка, яго стары арнат і капы, кнігі. У пасляваенны час і да свайго арышту ў 1950 годзе святар быў кіраўніком супольнасці марыянаў у друйскім кляштары; вярнуўшыся са сталінскіх лагероў, з 1957 года працаваў у Задарожжы, дзе і памёр у 2007 годзе.

Асобны раздзел выставы – кнігі па тэалогіі, якімі карысталіся святары ў рамках святарскай фармацыі. Гэта кнігі не толькі з бібліятэк марыянаў, напрыклад айца Баляслава Заянца з Ідолты, але і прыватных бібліятэк ксяндзоў Лявона Лаўцэвіча, Станіслава Кударэўскага, Франца Пярко. Такія высновы можна зрабіць, паколькі маюцца экзэмпляры кніг, дзе пазначаны іх уладальнікі. Праўдападобна, кнігі з прыватных біблітэк аказваліся ў іншых святароў пасля арышту ці пасля смерці іх уладальнікаў. Прадстаўлены і ноты, якімі карысталіся арганісты ў міжваенны і пасляваенны час.

Наступны раздзел выставы – літургічны: выстаўлены старыя літургічныя начынні - келіхі, крыжы, манстранцыі, рэлікварый, пасудзіна для алееў. Да Другога Ватыканскага Сабору Імша цэлебравалася на лацінскай мове, і на выставе маюцца табліцы з тэкстамі Імшы. Побач – старыя арнаты і капы.

Сярод прадстаўленых экспанатаў – частка ўкрыжавання: Езус без рук. Калі ў друйскай парафіі ў адной вёсцы падчас вайны згарэла капліца, на папялішчы бацька адной сям’і падабраў частку ўкрыжавання і прынёс дахаты. Праз некаторы час усе хаты ў той вёсцы згарэлі, і ацалела толькі тая, у якой знаходзілася фігурка Езуса.  

Прадстаўленая фігурка Найсвяцейшай Панны Марыі - самаробная, зрабіла яе ў пасляваенны час самабытная мастачка. Тады ў Беларусі не было дзе набыць такія фігуркі ці абразы, хоць патрэба была вялікая. У свой час фігурка разам з уладальніцай пераехала ў камайскую парафію, дзе каля яе праводзілі маёвыя набажэнствы.

Паколькі ў савецкія часы купіць Біблію было немагчыма, адзін вернік з-пад Докшыцаў у 1977 годзе перапісаў ад рукі пазычаную Біблію, а ў 1985 годзе набраў яе на пішучай машынцы. На выставе можна ўбачыць некалькі тамоў перапісаных і надрукаваных тэкстаў Святога Пісання.

На выставе прадстаўлены сутана ксяндза Яна Грабоўскага, які некалькі дзесяцігоддзяў працаваў у міёрскай парафіі, сшытак з яго гаміліямі, яго магістрская праца. Можна ўбачыць лісты некаторых святароў, якія ў пасляваенны час былі сасланы ў лагеры, - ксяндза Часлава Барвіцкага, ксяндза Яна Жука і ксяндза Францішка Більшы - і лісты ад іх парафіянаў.

Прадстаўлены прыміцыйныя абразкі святароў, іх фотаздымкі, так званыя “цаглінкі“ на пабудову касцёлаў - паштоўкі з выявай касцёлаў, на пабудову якіх збіраліся грошы.

На выставе маюцца ксеракопіі некоторых дакументаў, звязаных з жыццём бл. Цэліны Бажэнцкай, жонкі, маці, удавы і законніцы, заснавальніца Супольнасці сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана, якая нарадзілася ў Антовілі пад Оршай.

Наведвальнікі могуць убачыць прыміцыйны абразок бл. ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які ў 1942 годзе ў лесе Борак быў расстраляны разам з ксяндзамі Станіславам Пыртакам і Уладзіславам Мацьковякам.

Кароткі час служыў у віцебскім касцёле святой Барбары Слуга Божы ксёндз Баляслаў Слосканс, пазней біскуп, апостальскі адміністратар Мінскі і Магілёўскі, які за вернае служэнне Хрысту і Касцёлу прайшоў праз Салаўкі. Не захавалася ніводнай рэчы, да якой хаця б дакраналася яго рука, - на выставе маецца толькі інфармацыя пра яго і малітоўнік на яго роднай латышскай мове.

У гэтым годзе споўнілася 70 гадоў з часу расстрэлу навагрудскіх сясцёр назарэтанак, чыім капеланам быў ксёндз Аляксандр Зянкевіч. Ён ацалеў у часе вайны, у 2010 годзе быў распачаты яго беатыфікацыйны працэс. На выставе маецца арнат з дунілавіцкага касцёла, які, праўдападобна, апранаў Слуга Божы. Можна меркаваць, што карыстаўся ім таксама і благаслаўлены Мечыслаў Багаткевіч, таксама з дунілавіцкай парафіі. Захаваўся і прыміцыйны абразок Слугі Божага Аляксандра Зянкевіча.

У гэтым годзе адначалася 70-годдзе росіцкай трагедыі, калі разам са сваёй паствай панеслі мучаніцкую смерць благаслаўлёныя ксяндзы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юрый Кашыра. На выставе прадстаўлены келіх, які ў свой час парафіяне падарылі бл. Антонію Ляшчэвічу ў Харбіне.  

Пра знакамітых святароў, якія служылі на гэтай зямлі, распавядае наступны раздзел выставы. Ксёндз Канстанцін Стэповіч, які пісаў пад псеўданімам Казімір Сваяк, на працягу месяца ў 1914 годзе служыў у камайскай парафіі. На выставе маюцца выданні розных гадоў малітоўніка “Голас душы” на беларускай мове, укладзенага святаром, даваеннае выданне яго п’есы “Янка Канцавы”, рэпрынтнае выданне паэтычнага зборніка “Мая ліра”, арнат і келіх. Ксёндз Аляксандр Астрамовіч, вядомы як паэт Андрэй Зязюля, у Сянно служыў некалькі гадоў, памёр там у 1921 годзе. Наведвальнікі выставы могуць убачыць рэпрынтанае выданне яго паэтычнага зборніка “З роднага загону”. У 1917 годзе ў некалькіх касцёлах на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Адам Станкевіч падчас візітацыі арцыбіскупа Эдварда Роппа прамовіў гаміліі на беларускай мове, што выклікала вялікую радасць у парафіянаў. На выставе прадстаўлена яго кніга  “Родная мова ў святынях”, дзе ён узгадвае пра гэтыя факты. Маецца і кніга “У сляды Марыі” на польскай мове з бібліятэкі ксяндза Ільдэфонса Бобіча з друйскай парафіі, што друкаваўся пад псеўданімам Пётра Просты.

У наступным раздзеле выставы прадстаўлена каталіцкая прэса міжваеннага перыяду. У асноўным гэта выданні на польскай мове, маецца некалькі часопісаў на французскай мове, а таксама нумары часопіса “Рыцар Беззаганнай”, які выдаваў святы Максіміліян Кольбэ, што некаторы час святы жыў і працаваў у Гродне.

Яшчэ адзін раздзел прысвечаны жыццю і дзейнасці Ганны Дубовік з лучайскай парафіі, якая напрыканцы жыцця ажжыцявіла сваю мару і стала сястрой законнай з іменем Міхаэля. Усё жыццё яна прысвяціла служэнню Касцёлу, дасылала пасылкі святарам у лагеры, катэхізавала дзяцей, вазіла іх у іншую парафію для першай споведзі і Камуніі. Прадстаўлены некаторыя яе рэчы - сукенкі, ружанцы, кніжкі, посцілкі, вытканыя яе рукамі, фотаздымкі і лісты.

Апошні раздзел – кнігі, прадстаўленыя айцамі францішканамі з Удзела, сярод якіх маюцца і кнігі са знакамітай кармэліцкай бібліятэкі з Глыбокага. Сярод прадстаўленага ёсць парафіяльныя дакументы ХІХ стагоддзя, апрацоўка якіх зараз адбываецца ва Удзела і дзякуючы якім у будучыні для кагосьці стане магчыма знайсці ў іх прозвішча сваіх продкаў.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў