Конкурс каляднай песні “Зорка Бэтлеема” прайшоў у Мёрах |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
07.01.2014 12:00 |
4 студзеня ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) у трынаццаты раз адбыўся конкурс каляднай песні “Зорка Бэтлеема”. Конкурс праходзіў у раённым Доме культуры.
На адкрыцці прысутных прывітаў дэкан Мёрскага дэканату і пробашч парафіі
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Кшыштаф Мянкіна. Мерапрыемства пачалося Імшой у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У межах конкурсу выступілі наваполацкая, браслаўская, пастаўская, ахрэмаўская і мёрская парафіі. Гучалі спевы на рускай, польскай, а пераважна на беларускай мовах. Канкурсанты выступалі ў жанрах сольнае выкананне і інструментальны, а таксама гурты.
Пакуль журы падводзіла вынікі, міні-канцэрт прадставіў каталіцкі гурт з Мінска “Laudans” пад кіраўніцтвам заснавальніка Андрэя Лугіна, прадставіўшы калядкі ў сваёй апрацоўцы і лірычныя песні, разам з каментарыямі, якія Андрэй Лугін прамаўляў да кожнай кампазіцыі.
У намінацыі сольнае выкананне лепшай была прызнана Дзіяна Гуйдо з Наваполацка, другое месца заняла Паліна Валеўка з Мёраў, трэцяе — Юлія Ожаль з Пастаў. Звычайна на мёрскай сцэне выступала ў інструментальным жанры трыа хлопчыкаў, аднак у гэтым сезоне ў яго складзе ўпершыню выступілі дзяўчынкі, атрымаўшы ўзнагароду за выкананую кампазіцыю. Гурты журы падзяліла па ўзроставай катэгорыі на дзве — дзіцячая і юнацкая. Другія месцы занялі дзіцячы гурт з Браслава і юнацкі з Ахрэмаўцаў, а першыя — дзіцячы з Наваполацка і юнацкі з Мёраў. Усім пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі. Паводле catholicnews.by
(AG) Фота з catholicnews.by
|