Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новы біскуп Віцебскі і яго пасвячэнне вачыма прысутных
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
18.01.2014 23:18

Новы біскуп - гэта вялікая падзея для дыяцэзіі і паўсюднага Касцёла. Калі біскуп яшчэ і той, хто нарадзіўся, рос і сталеў на той зямлі, на якой зараз будзе служыць, то гэта асаблівая Божая ласка, што агортвае ягоны родны край.

Пра новага біскупа Алега Буткевіча, які паходзіць з Браслава, а стаў пастырам усёй Віцебшчыны, і яго прызначэнне - словы ад удзельнікаў урачыстай падзеі пасвячэння: Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, канцлера Віцебскай курыі ксяндза Адама Дынака, родных і вернікаў.

d

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: пра значэнне новага біскупа для Касцёла і Беларусі.

Так атрымалася, што мясцовы Віцебскі Касцёл быў асірацелым апошнія паўгады. Калі ж прыходзіць новы біскуп, то Касцёл зноў ажывае, бо Касцёл – гэта жывы арганізм, боска-чалавечы арганізм, які павінен мець свайго пастыра. Сёння гэты пастыр пастаўлены, і гэта ўжо мясцовы Касцёл, у якога мы бачым галаву, духоўнага кіраўніка.

Калі глядзець далей, то гэта павелічэнне колькасці епіскапату, большая колькасць тых, якія з’яўляюцца наступнікамі Апостала Пятра. Было нас чацвёра, а цяпер – пяць, а хутка будзе сем. Таксама гэта ўмацаванне нашага Касцёла, новая надзея для Касцёла і павага не толькі для Каталіцкага Касцёла, але і для ўсёй Беларусі. Таму сённяшняя падзея з’яўляецца знакавай і гістарычнай у жыцці не толькі Віцебскай дыяцэзіі, але і ўсяго Касцёла ў Беларусі. Асабіста я хацеў бы пажадаць новаму біскупу, каб ён быў моцна ззяючай Бэтлеемскай зоркай, якая прывядзе як тых, што ў Касцёле, яшчэ бліжэй да Бога, так і тых, што, як Тры Каралі, не былі ў Касцёле, але таксама шукалі Бога, да Езуса Хрыста.

d

Іаланта Буткевіч, маці біскупа Алега Буткевіча: жадаю сыну чыстага сэрца.

Я перажыла сённяшні дзень з вялікай удзячнасцю Пану Богу і з вялікім хваляваннем наконт таго, як атрымаецца гэтая служба ў майго сына. Я прашу Пана Бога, каб Ён кіраваў яго жыццём.

Я б хацела пажадаць свайму сыну ў гэты ўрачысты дзень чыстага сэрца. Пажадаць, каб ён добра служыў, як і рабіў гэта раней, людзям. Каб ён не астыў у сваім пакліканні. Няхай Бог благаслаўляе кожны яго дзень, а Маці Божая бароніць ад усялякага зла.

d

Сястра Аліцыя – родная сястра біскупа Алега Буткевіча - адкрыла прычыну з’яўлення пакліканняў у іх сям’і: гэта малітва з бацькамі.

Па-першае, я вельмі хвалявалася, бо гэта, сапраўды, мой брат, і мне крыху незвычайна бачыць яго ў такім урачыстым убранні, чуць ягоныя словы. З аднаго боку я вельмі цешылася, што гэта мой брат, я ім ганаруся, што ён змог так шмат дасягнуць і далёка пайсці. Я дзякавала Богу, што надзяліў яго такімі дарамі, што ён, сапраўды, Божы чалавек.

Я шмат чула ад іншых людзей, што ён добры чалавек, што яго любяць і паважаюць. Я думаю, ён зможа пайсці гэтай дарогай, хоць, зразумела, будзе цяжка.

Усё, што я магу для яго зрабіць, – гэта маліцца.

Catholic.by: У сям’і новага біскупа і яго родныя сёстры з’яўляюцца законніцамі, адкуль так сталася?

Я думаю, што гэта ўсё ад малітвы бацькоў. Мы вельмі часта разам маліліся ў хаце. Гэта для мяне вельмі каштоўна, хоць у дзяцінстве, шчыра кажучы, не заўсёды хацелася маліцца. Затое цяпер я вельмі цаню гэтую малітву і, калі прыязджаю дахаты і маю магчымасць памаліцца з імі, то для мяне, як і для брата, гэта вельмі вялікая падтрымка ў жыцці.

g
Ксёндз Адам Дынак: задача новага біскупа - весці людзей да касцёлаў.

Сёння ў Вiцебску адбылася ўрачыстасць вялікага рангу, бо біскуп абіраецца не кожны дзень, - тым больш што гэта біскуп асаблівы, які быў прэзбітэрам гэтай дыяцэзіі, прайшоў праз парафіі ўсходняй часткі дыяцэзіі і заслужыў вялікую павагу і аўтарытэт сярод святароў, а таксама сярод вернікаў. Мне здаецца, што з ім настане новы этап у гісторыі Віцебскай дыяцэзіі. Папярэдні біскуп, Уладзіслаў Блін, будаваў касцёлы, а задача новага біскупа – весці людзей да гэтых касцёлаў, каб падняць духоўнасць дыяцэзіі, узняць на больш высокі ўзровень і свецкіх людзей, і духавенства.

У біскупа Буткевіча шмат працы, бо за час адсутнасці ў дыяцэзіі гаспадара назбіралася вялікая колькасць спраў, якія трэба вырашаць. Як бачым, у новага біскупа ёсць добры старт, бо ён мае падтрымку, аўтарытэт сярод вернікаў, святароў, таму я спакойны і веру, што з Божай дапамогай ён з гэтым справіцца.

h
Дыскусійны клуб інтэлігенцыі “ЛОГАС” у Віцебску: сучасны біскуп павінен любіць краіну і народ.

Думаем, што сучасны каталіцкі біскуп павінен любіць краіну і народ, якому ён служыць, быць настаўнікам і лідарам і адначасова пакорным і сціплым чалавекам. Важна, каб ён быў інтэлектуальнай, дасведчанай асобай у справах рэлігійнага і грамадскага жыцця. А самае галоўнае – мець жывую веру і быць прыкладам для вернікаў.

Кс. Юрый Марціновіч, Аксана Ючкавіч, AG

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў