Біскуп Алег Буткевіч узначаліў у віцебскай парафіі першую Імшу пасля пасвячэння |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
20.01.2014 14:20 |
19 студзеня біскуп Алег Буткевіч узначаліў у парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску, дзе 10 гадоў выконваў абавязкі пробашча, сваю першую нядзельную Імшу пасля біскупскага пасвячэння, якое адбылося 18 студзеня.
Парафіяне сардэчна прывіталі біскупа хлебам і соллю, выказаўшы пашану і любоў да свайго пастыра.
Імшу разам з біскупам канцэлебравалі часовы адміністратар парафіі кс. Яўген Міхайлаў, кс. Юрый Жаўняровіч, кс. Юрый Вільк.
У гаміліі біскуп заклікаў кожнага верніка задумацца над пытаннем: “Навошта я прыходжу ў касцёл?” “Каб прынесці свае праблемы, цяжкасці і скласці Яму як ахвяру на алтар, а таксама падзяку? Але гэтага мала. Я мушу ісці сюды, бо мяне тут Нехта чакае і любіць”, - падкрэсліў новы ардынарый Віцебскі і дадаў, што кожны павінен заставацца верным Богу, быць хрысціянінам, а гэта значыць быць з Хрыстом, яднацца з Ім падчас Эўхарыстыі.
Нягледзячы на нязручныя ўмовы, выкліканыя рэканструкцыяй касцёла, у часовай капліцы сабралася шмат вернікаў і гасцей з іншых парафій Віцебска, а таксама з Браслава - малой радзімы біскупа Алега Буткевіча.
На заканчэнне Імшы новы ардынарый удзяліў біскупскае благаслаўленне ўсім вернікам.
Пасля літургіі моладзь і старэйшыя парафіяне разам з дзецьмі горача прывіталі і павіншавалі свайго былога пробашча з прызначэннем на пасаду біскупа Віцебскай дыяцэзіі, падарылі яму святочны канцэрт і свае падарункі.
Вольга Шыдлоўская
|
Фотарэпартаж |