Біскуп Алег Буткевіч узначаліў прыміцыйную Імшу ў Браславе |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
03.02.2014 08:55 |
2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе наведаў ардынарый Віцебскі біскуп Алег Буткевіч. Іерарх, які атрымаў біскупскае пасвячэнне 18 студзеня гг., узначаліў у парафіі прыміцыйную Імшу. Перад пачаткам Імшы біскуп, які сам паходзіць з Браслаўшчыны, памаліўся на могілках, дзе пахаваны святары, якія неслі служэнне ў браслаўскім касцёле. Падчас прывітання ардынарый асабліва падкрэсліў, што гэта гонар для ўсіх вернікаў, што менавіта з Браслаўшчыны Бог паклікаў пастыра Віцебскай дыяцэзіі. Вернікі, у сваю чаргу, прывіталі іерарха цёплымі словамі і кветкамі і адзначылі, што для іх вялікі гонар маліцца разам са сваім пастырам у яго роднай святыні. Пазней Віцебскі ардынарый наведаў раённы дом культуры, дзе яму, духавенству браслаўскага касцёла, прадстаўнікам мясцовай улады і іншым гледачам быў паказаны спектакль, па традыцыі падрыхтаваны ў Браславе пасля калядных святаў. Гледачы пабачылі таленавітую ігру самадзейных артыстаў, як дарослых, так і дзяцей, пастаноўку прафесійнага рэжысёра Алены Каспаровіч у музычным афармленні Іны Сапун. Біскуп выказаў словы падзякі ўсяму творчаму калектыву, зазначыўшы, што і сам калісьці выконваў ролю ў падобным спектаклі на гэтай жа сцэне, і дадаўшы, што з таго часу ўзровень пастановак намнога вырас. Паводле waladarka.by (AG) |