31 студзеня, калі салезіянская сям’я ўсяго свету адзначае ўспамін св. Яна Боско, заснавальніка таварыства Святога Францішка Сальскага, Віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч наведаў салезіянскую парафію Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, якая таксама святкавала гэты ўспамін.
Падчас урачыстай Імшы біскуп засяродзіў увагу парафіян на выхаванні дзяцей у сям’і і важнасці гэтага менавіта ў сучасным свеце. Гэтаму прысвяціў усё сваё жыццё святы Ян Боско, які не толькі даў тысячам хлопцаў дах над галавой, але і з’яўляўся для кожнага сапраўдным айцом і настаўнікам, ведаў іх, іх праблемы, клопаты, радасці, быў заўсёды з імі, быў прыкладам для іх.
Таксама біскуп звярнуў увагу бацькоў і дзяцей на абавязкі, любоў, узаемную павагу адзін да аднаго. Іерарх заклікаў бацькоў паглядзець на прыклад святога Яна Боско, яго падыход да дзяцей і моладзі. А якая мая сям’я? - гэтае пытанне было пакінута для разважання кожнаму прысутнаму.
Пасля Імшы парафіяне, святары і біскуп былі запрошаны ў араторый-моладзевы цэнтр на “Дон Боско-шоў”. Святочны настрой, сямейны дух і шмат радасці панавала ў зале. Сустрэў гасцей “італьянскі рэжысёр” разам са сваім асістэнтам, якія прыехалі здымаць кіно пра салезіянскую сям’ю ў Смаргоні. Крэатыўныя аніматары і кандыдаты з танцамі, радасныя салезіяне-супрацоўнікі з частушкамі, міністранты, дзеці, ксяндзы салезіяне і сёстры салезіянкі – усе маглі праявіць свае таленты і творча паказаць іншым, якой з’яўляецца салезіянская сям’я ў Смаргоні.
У канцы праграмы біскуп Алег Буткевіч сказаў: “Хто лічыць, што хрысціянства – гэта нешта сумнае, той вельмі моцна памыляецца, і святы Ян Боско – адзін з першых, хто гэта абвяргае”.
Аніматар Вераніка Ермак
|