“Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён”, - гэтыя словы з Евангелля паводле Яна ўзгадаў падчас Імшы з нагоды Дня кансэкраванага жыцця Віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч. Урачыстая Імша адбылася 3 лютага ў касцёле св. Барбары ў Віцебску.
Імшу разам з біскупам канцэлебравалі святары-законнікі, якія нясуць служэнне ў Віцебску. Ардынарый цэлебраваў Імшу у інтэнцыі прэзбітэрыя Касцёла на Віцебшчыне і законных сясцёр, што разам з вернікамі Віцебска ўдзельнічалі ў ёй.
У гаміліі біскуп Алег Буткевіч, чыім дэвізам з’яўляюцца словы з малітвы Пана – “Fiat voluntas Tua” (“Будзь воля Твая”), разважаў аб паслухмянасці Божай волі, аб пакоры. Іерарх нагадаў, што пакора – першае, на чым будуецца святасць чалавека, а святасць - першая ўмова ўдзелу ў Божым Валадарстве.
Біскуп падкрэсліў, што паслухмянасць Божай волі асабліва датычыцца паслугі святарскага ці манаскага жыцця ў Касцёле. “Асабліва ў гэтым свеце мы павінны мець дар пакоры – згоды на Божую волю. Сам Езус Хрыстус, сам Сын Божы сваім жыццём паказвае прыклад згоды на Божую волю, - адзначыў іерарх. - Варта сабе задаць пытанне, і асабліва гэта датычыцца тых, хто ахвяраваў сябе: ці мы часам не ставім сваю ўласную волю вышэй за волю Божую? Ці часам не просім Бога, каб сталася так, як бы мне хацелася? І ці часам не здараецца так, што праз нашых настаяцеляў Бог не ламае нашыя планы?” Па словах біскупа, “варта заўважыць, што ў гэты момант адбываецца ў маім сэрцы, у маёй душы”; “можа, варта ўзгадаць прыклад цара Давіда, вялікага чалавека, але адначасова слабога і грэшнага, але чалавека, што мае рэчаісную ўладу, дадзеную яму Богам”; “варта падумаць: можа, Бог дазваляе, каб так сталася ў маім жыцці. Не так, як я хачу. І вось зноў жа нагадваюцца словы Езуса Хрыста – “Ойча, няхай абміне Мяне гэты келіх, але.. І вось гэтае “але” - няхай не мая воля станецца, але Твая”.
“Як у нас звычайна бывае? – паставіў пытанне іерарх. – “Божа, я згаджаюся на Тваю волю, але...” Можа, лепш так, як бы мне хацелася? Звычайная рэч. Але зноў гэтае “але”, і мы за яго вельмі моцна чапляемся. І мы пачынаем камбінаваць, каб, можа, сталася лепш”.
Віцебскі ардынарый адзначыў, што “Бог, у сваю чаргу, не заплюшчвае вочы на нашую згоду на Яго волю”. “Усё гэта запісана ў Кнізе Жыцця, за ўсім гэтым стаіць узнагарода - вечнасць. Над гэтым варта затрымацца – перад чалавекам ёсць вечнасць. І ў гэтым заключаецца радасць Евангелля, - дадаў біскуп. - І радуйцеся, бо цярпенняў гэтага свету нельга ставіць на адным узроўні з той славай, якой мы атрымаем у небе. І тыя, хто пакліканы да Божай службы, пакліканы да ахвяравання свайго жыцця, тым больш павінны над гэтым разважаць. Так, як і кожны хрысціянін.Усе мы праз прыняцце сакрамэнту хросту ахвяраваныя Богу, мы не належым сабе, усе мы з’яўляемся Ягонай уласнасцю, ягонымі дзецьмі. А Бог не можа дазволіць, каб Яго дзіця засталося пакрыўджаным”. “Таму просім і святога Блажэя, і шматлікія шэрагі святых – пакорных людзей, каб нам сваёй малітвай, сваім заступніцтвам у гэтым дапамагалі, каб мы, слухаючы Божае слова, прымаючы яго розумам, маглі пагадзіцца на гэтае Божае слова нашым сэрцам”, - сказаў біскуп.
Падчас Імшы кансэкраваныя асобы – законныя сёстры і святары - перад алтаром урачыста аднавілі свае манаскія абяцанні, складзеныя імі ў дзень законных вечных шлюбаў.
Паколькі 3 лютага прыпадае літургічны ўспамін святога Блажэя, іерарх асвяціў свечкі, якімі затым разам з айцом Міхалам Ерамашкевічам благаславіў удзельнікаў Імшы, каб яны былі захаваны ад хваробаў горла.
Напрыканцы Імшы прагучаў гімн “Магутны Божа”. Кацярына Лаўрыненка
|