15 лютага ў парку Перамогі ў Глыбокім прайшоў мітынг, прысвечаны 25-годдзю вываду войскаў з Афганістана. У акцыі прынялі ўдзел праваслаўны і каталіцкія святары.
Па словах намесніцы старшыні Глыбоцкага райвыканкама Галіны Унуковіч, гэта не толькі дзень памяці ўсіх загінуўшых, але і выказванне падзякі ўсім тым, хто вярнуўся дадому з гэтай вайны.
“Сёння мы вельмі часта вымаўляем гэтае жахлівае слова "вайна", - адзначыў кс. Вячаслаў Пялінак, вікарый глыбоцкай парафіі. - Якой бы не была вайна справядлівай - часам яна неабходная, калі трэба бараніць свой дом, сваю зямлю, - але яна заўседы жахлівая, бо імены, якія тут гучалі, - гэта жывыя людзі, гэта людзі, у якіх былі свае мары, сваё каханне, юнацкія подзвігі тут, на гэтай зямлі. І ўсё гэта перакрэслівае адно жахлівае слова – вайна”.
“Цудоўна, што мы збіраемся ў такія моманты разам, і Царква, і Касцел, і свецкія ўлады, каб сказаць сённяшняму свету, даць пасыл: мы не хочам вайны: ніколі і нідзе, - дадаў святар. - Вайна не можа вярнуцца на гэтую зямлю. Мы хочам жыць у супакоі!”
На заканчэнне прамовы святар заахвоціў разам памаліцца за ахвяр гэтай вайны малітвай "Ойча наш". Паводле catholicnews.by
(AG)
|