Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Памяць благаслаўлёных мучанікаў ушанавалі ў Росіцы
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.02.2014 11:58

“Кожная пілігрымка ў Росіцу з’яўляецца выпрабаваннем нашай веры. Гэта і адлегласць, стома, холад. Аднак, нягледзячы ні на што, вы зноў тут, мае даражэнькія пілігрымы. Бог убачыў вашу ўпартасць і любоў да гэтага святога месца і благаславіў у гэтым годзе цёплым надвор’ем. Я вельмі ўдзячны Богу, што мы зноў можам маліцца ў гэтым месцы”, - гэтымі словамі прывітаў 15 лютага ў росіцкай святыні шматлікіх пілігрымаў, святароў і законных сясцёр, якія прыбылі ўшанаваць памяць росіцкіх мучанікаў, апякун месца смерці бл. Юрыя Ляшчэвіча і Антонія Кашыры а. Чэслаў Курэчка МІС.

Благаслаўлёныя росіцкія мучанікі Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра добраахвотна ахвяравалі жыццё і загінулі адпаведна 17 і 18 лютага 1943 года, застаўшыся да канца са сваёй асуджанай на смерць паствай. У 1999 годзе благаслаўлены Ян Павел II у Варшаве ўзнёс іх да хвалы алтара сярод 108 пакутнікаў Другой сусветнай вайны.

Асобна а. Чэслаў Курэчка прывітаў ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча, узгадаўшы, як у 2000 годзе ксёндз Алег Буткевіч, тады вікарый міёрскага касцёла, прывеў у Росіцу адну з першых тады пілігрымак. “Ужо тады Вы адчувалі святасць гэтага месца, калі яшчэ сцены гэтай святыні былі чорнымі і разбуранымі, а сёння Вас вітаем як маладога біскупа  і ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі”, - сказаў святар і падзякаваў іерарху за словы, прамоўленыя ў Віцебску ў дзень біскупскага пасвячэння: “Ксёндз Чэслаў, хачу быць у Росіцы”. “І сёння Вы тут, каб маліцца разам з намі, каб прасіць у Бога праз заступніцтва благаслаўленых Юрыя і Антонія гэтай вялікай любові да Хрыста і да чалавека, каб прасіць мужнасці  ў веры, а таксама мудрасці ў кіраванні сваёй аўчарняй”,  - дадаў а. Чэслаў Курэчка.

Тыя, хто неаднаразова наведвае Росіцу ў лютаўскія дні, заўважылі, што ў гэтым годзе сапраўды не так холадна, як у мінулыя гады, калі маразы дасягалі амаль мінус трыццаці градусаў. Але па ўспамінах адной са сведак трагедыі, 16 лютага 1943 года, калі пачалася тая страшэнная карная акцыя са здзеклівай назвай “Зімовыя чары”, і быў такі самы дзень. Ядвіга Макарава прыйшла ў касцёл, абапіраючыся на два кіёчкі. У яе ўзросце гэта ўжо нялёгка, але і не прыйсці яна не можа. Яна добра памятае тую апошнюю нядзелю 14 лютага, калі апошні раз бачыла айца Антонія і шматлікіх знаёмых. “У той дзень хмарна было, марозік такі, і снегу было шмат, - успамінае яна. - А на наступны дзень пачалася адліга”. Сям’і Ядвігі Макаравай, у дзявоцтве Лук’янскай, тады ўдалося ўцячы і тым самым выратавацца. Яна ўспамінае, як хаваліся ў лесе, а праз два дні прыйшлі ў сваю вёску: “Усё папалена, людзі былі згарэўшы...” Пазней іх знайшлі па слядах паліцаі і вывезлі ў Латвію. Там яны служылі ў гаспадара, у Латвіі сям’я і пражыла да 1952 года. За гэты час Росіцу Ядвіга наведала толькі раз – адразу пасля вызвалення. “Як толькі даведаліся, што немцаў няма, дык мы з цёткай сабраліся ды пайшлі ў Росіцу. Усе дамы былі спаленыя, усё навокал было чорна, толькі касцёл і стаяў. У ім людзі жылі, а некалькі сямей у пограбе”, - кажа яна.  

Таксама 14 лютага 2014 г. стала вядома, што а. Чэслаў Курэчка, апякун месца пакутніцкай смерці благаслаўлёных, выбраны “Чалавекам года Віцебшчыны”, і на пачатку Імшы біскуп Алег Буткевіч выказаў падзяку за ягонае служэнне, “за крывава-мазольную працу ў даслоўным гэтым значэнні дзеля ўпрыгожання гэтага месца” – “не толькі таго вонкавага, матэрыяльнага, але і ўпрыгожання духоўнага” .“Цеплыня тваіх слоў, ойча, скіравана не толькі да мяне, але і да ўсіх прысутных і за гэтую цеплыню Бог няхай адудзячыць і благаславіць за гэтую працу”, – сказаў ардынарый і падзякаваў святару за “цёплыя словы прывітання, магчыма, асабліва так важныя ў гэтым касцёле, сцены якога ўбіраюць у сябе холад надвор’я, але знутры разагрэтыя сэрцам і малітвай так многіх пілігрымаў”. Словы віншавання у адрас айца Чэслава Курэчкі прагучалі і ад пілігрымаў, якія пажадалі яму “зрабіць вельмі шмат на Божай ніве для праслаўлення Пана Бога”.

У гаміліі віцебскі ардынарый нагадаў, што Росіца, вёсачка, якая знаходзіцца ў “загубленым месцы дзесьці на ваколіцах Віцебскай вобласці”, з’яўляецца “яскравай праз сваё духоўнае багацце”. Іерарх падзяліўся з прысутнымі, што доўгі час задаваў сабе пытанне, у чым справа, чаму гэтае месца так прываблівае людзей. “І хаця фізічна пілігрымы збіраюцца тут толькі двойчы на год, але ўвесь час для іх і шматлікіх вернікаў існуе духоўная лучнасць з гэтым месцам. Сюды, у гэтае месца, іх прываблівае прыгажосць, якая няспынна ўзрастае дзякуючы айцу Чэславу. Але прыгажосць не толькі вонкавая, але і прыгажосць нашых душаў, якія расцвітаюць ад аднаго ўспаміну пра гэтае месца. Напэўна, цягне нас моц малітвы, моц дзеяння Божай ласкі, гэтая моц, якая выплывае з той ахвяры, што была складзена на гэтым месцы. Гэта чарговы момант, які прыцягавае сюды людзей, - ахвяра росіцкіх мучанікаў і нявінна загінуўшых каля дзвюх тысяч чалавек”, - нагадаў іерарх і адначасова адзначыў, што   “гэтая ахвяра крые яшчэ адзін знак, які сёння мае для нас важнае значэнне, – тыя дзве якасці, якія ў сённяшнім свеце як ніколі запатрабаваныя: вернасць і вытрываласць”. Гэта “дзве якасці, якія ў гераічнай ступені праявіліся перадусім у служэнні і ў жыцці Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча”, і “дзесьці ў нашай душы яны абуджаюць прагненне быць у гэтым месцы, чэрпаць з гэтага месца моц гэтага сведчання”. “Не толькі святарскага. Не толькі святарская вернасць і трываласць  мае значэнне. У іх выпадку гэта быў асаблівы знак - асаблівы дар Божай ласкі”, - дадаў біскуп.

Іерарх прыгадаў, што ў сваім пасланні святы апостал Якаў між іншым кажа такія словы, што “за радасць, за поўнае шчасце лічыце сабе тое, што на вас звальваюцца выпрабаванні.”  “Варта тут, у гэтым месцы паразважаць над гэтымі словамі. Бо тое, што вас выпрабоўвае, нараджае якраз гэтую трываласць. А трываласць, якая ў сваю чаргу ўмацоўвае нашу веру, і ёсць той ласкай, без якой немагчыма збаўленне, - падкрэсліў біскуп. - Інакш кажучы, выпрабаванне ёсць ласкай. Благаслаўлёныя Юрый і Антоній гэта добра разумелі і таму не зышлі з гэтага шляху, хоць добра ведалі, што ім пагражае. Яны вытрывалі да канца, памятаючы словы з Евангелля, якія мы з вамі сёння пачулі, – хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены”.

Біскуп адзначыў, што “нам часта нам не хапае гэтай трываласці, перадусім у добрых справах”. “Не хапае трываласці сужэнцам, каб вытрываць разам у сумесным жыцці. Часам не хапае трываласці ў пакліканні, якое дае чалавеку Бог. Часта чалавек, шукаючы сабе палегкі, імкнецца ў віртуальны свет, які не патрабуе ад нас такой трываласці, прапануе нам жыць паводле ўласных правілаў – а гэта заўсёды лягчэй, заўсёды спакуса. А выходзячы з віртуальнага свету, чалавек як ніколі адчувае сваю слабасць, сваю бездапаможнасць. А таму мы патрабуем такога сведчання звычайных людзей... 71 год таму людзі чакалі ў гэтым касцёле – і яны трывалі. Асабліва мы ўспамінаем пра духоўны подзвіг святароў. Бо яны мелі магчымасць адысці, мелі магчымасць гэта добра вытлумачыць – колькі добрага маглі б зрабіць у гэтым свеце. Але яны ведалі, што гэта іх час, той момант, каб праявіць гэтую трываласць, праявіць гэтую вернасць Езусу Хрысту, застацца з тымі, для каго былі і, -  звярніце ўвагу, - па сённяшні дзень застаюцца пастырамі. Вось гэтая іх вернасць свайму пакліканню  па сённяшні дзень прыносіць плен. Які і прыцягвае  да сябе людзей – нас з вамі.  Які не пакідае нас ў абыякавасці, не пакідае без жадання іх наследаваць, і калі кожны з нас, у сваім жыцці, у звычайных справах, у нашым асабістым пакліканні, захавае гэтую вернасць, праявіць вось гэтую трываласць - як можа змяніцца аблічча нашай зямлі! Мы сёння шукаем такіх людзей, але гэтымі людзьмі можам стаць мы - кожны з нас.  Дзе, калі, у які момант Бог дазволіць праявіць нам гэтую магчымасць, мы не ведаем, але павінны быць на гэта гатовымі. І таму патрабуем веры, моцнай веры, каб на кожнае такое выпрабаванне ў нашым жыцці ўмелі глядзець вачыма Езуса Хрыста, вачыма тых шматлікіх мучанікаў, якія ўжо ў гэтым жыцці прайшлі гэтай дарогай, каб мы маглі паўтарыць і прыняць шчырым сэрцам словы з Кнігі Мудрасці Саламона,  якія сёння з вамі чулі: “Душы справядлівых у руках Бога і не дакранецца да іх ніякая пакута. У тых вачах неразумных здавалася, што яны памерлі, а іх смерць лічылася няшчасцем, іх адыход лічыўся знішчэннем”. У вачах неразумных.... Але у вачах веруючых выпрабаванні  - гэта шлях да вялікай ўзнагароды, якую Бог рыхтуе тым, хто Яго любіць, хто застаецца Яму верным да канца, да апошняга моманту, да той хвіліны, калі, пакінуўшы гэтае жыцце, чалавек, атрымлівае ўзнагароду...  Мейма гэтую веру, шукайма ў нашым жыцці шляхоў, па якіх мы можам праявіць тую трываласць у будове Божага Валадарства тут, на зямлі, а заступніцтва благаслаўленых мучанікаў няхай нам у гэтым дапамагае”, - пажадаў віцебскі ардынарый.

Па традыцыі пасля Імшы святары, кансэкраваныя асобы і шматлікія пілігрымы прайшлі ў працэсіі з запаленымі паходнямі і свечкамі на пляц Пакутніцтва, дзе калісьці знаходзілася калгасная стайня, дзе згарэла ў полымі чалавечай нянавісці частка асуджаных на пакутніцкую смерць. Цяпер на гэтым месцы ўздымаецца велізны крыж, каля якога моляцца пілігрымы.

У Латвіі і па сённяшні дзень захоўваецца мапа, з дапамогай якой планавалася карная экспедыцыя жахлівага лютага 1943 года. На мапе ўся тэрыторыя каля Росіцы, што падлягала знішчэнню, была пазначана як кола, а на месцы самой Росіцы быў пастаўлены крыж. Тады і здавалася, што крыж на месцы Росіцы – гэта канец, што са знішчэннем тых вёсак і людзей усё скончыцца жменяй попелу. Але зерне, якое памерла, дало свой плён, і крыжы, што знаходзяцца ў Росіцы, – каля касцёла, пры ўваходзе у касцёл, над алтаром, на месцы пакутніцкай гібелі і той, што ўзяў 71 год таму назад благаслаўлёны Юрый Кашыра, нагадваюць, што крыж – не канец, а пачатак...

На пляцы Пакутнікаў, месцы, палітым крывёю нявінных ахвяраў, біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да пілігрымаў з пытаннем, наколькі сёння шануецца людское жыццё. Іерарх узгадаў, што паводле статыстыкі за апошнія пяць гадоў на Віцебшчыне прымусовай смерцю загінула каля 10 тысяч чалавек. 2000 сярод іх самі ў сябе адабралі жыццё, яшчэ 2000 – тыя, чыё жыццё знішчыў алкаголь, і цяжка падлічыць колькасць тых, якія загінулі ненароджанымі. Па словах іерарха, “гэтая зямля, прасякнутая крывёю шматлікіх пакутнікаў, сёння кліча да неба, прынамсі аб ушанаванні таго вялікага дару, дадзенага нам Богам”. Напрыканцы біскуп заклікаў, каб кроў мучанікаў, іх заступніцтва, дапамагло людзям шанаваць сваё жыццё і жыццё кожнага чалавека.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў