У Папяльцовую сераду, 5 сакавіка, вернікі Віцебска разам з біскупам Алегам Буткевічам сабраліся ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага на Імшу на распачацце Вялікага посту – часу пакаяння і навяртання. Віцебскі ардынарый, які ўзначаліў гэтую Імшу, на яе пачатку адзначыў, што гэты час “павінен стаць нагодай да перамены жыцця на лепшае”. Эўхарыстыю іерарх ахвяраваў за Віцебскую дыяцэзію.
Падчас Імшы біскуп здзейсніў абрад пасыпання галоваў вернікаў попелам, кажучы пры гэтым у адпаведнасці з традыцыяй: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Ужо ў Старым Запавеце попел выражаў тленнасць рэчаў, пакору і пакуту, а абрад пасыпання ім галоваў бярэ пачатак у стражытным абрадзе ўрачыстай пакуты. З XI стагоддзя гэты звычай стаў абавязковым ва ўсім Касцёле.
У гаміліі віцебскі ардынарый нагадаў, што ў гэты дзень распачынаецца вельмі важны перыяд у духоўным жыцці хрысціяніна, “перыяд, калі мы маем за заданне падрыхтаваць нашыя сэрцы, нашую душу да святкавання ўрачыстасці нашага збаўлення”. Іерарх адзначыў, што сутнасць гэтага перыяду ў тым, каб людзі сапраўды аднавілі ці зрабілі больш моцнай сувязь з Богам. “Бывае, што чалавек зрывае гэтую сувязь праз грэх. Але нашым абавязкам ёсць навяртанне да Бога. У гэтай справе тое, што належыць да Бога, Ён ужо здзейсніў, – гэта ахвяра Езуса Хрыста, у якой мы зноў і зноў прымаем удзел праз сакрамэнт Эўхарыстыі. Але цяпер справа за чалавекам – які будзе наш адказ, наколькі вялікім будзе нашае намаганне ў гэтай справе”, - сказаў біскуп.
Іерарх звярнуў увагу, што вельмі важна зразумець саму сутнасць посту: “Мы посцім не дзеля таго, каб паказацца людзям, не дзеля “галачкі” – адпасціў, прынамсі спрабаваў. Адкуль узнікла патрэба, што чалавек павінен менавіта такім чынам, як кажа Святое Пісанне, – праз устрыманне, праз пост, міласціну, аднаўляць сваю душу, аднаўляць свае сэрца? Прычынай гэтага стаў грэх, той першародны, які сапсаваў тую гармонію, той парадак, які ад пачатку быў закладзены ў нашую з вамі натуру Бога - у натуру чалавека, якога Бог стварыў на свой вобраз і падабенства. Чалавек - гэта істота цялесна-духоўная. І тут умяшаўся д’ябал, які выбіў з-пад улады нашага розуму, з-пад улады нашай волі нашу натуру”. Біскуп адзначыў, што калі звычайныя патрэбы чалавека – тое ж жаданне ежы ці адпачынку - не кантралююцца, не падпарадкоўваюцца волі, калі чалавек пачынае кіравацца выключна сваімі жаданнямі кожную хвіліну свайго жыцця, бескрытычна, не падумаўшы – гэта прыводзіць да марнавання ягонага жыцця, і “пост існуе дзеля таго, каб мы прынамсі паспрабавалі падпарадкаваць натуру розуму”.
Па словах біскупа, “той, хто паступае паводле цела, заўсёды паслухмяны сваім памкненням, сваім жаданням, – не можа падабацца Пану Богу, бо такі стыль паводзінаў руйнуе чалавечае жыццё”, а “Бог не можа на гэта пагадзіцца”, “не можа гэтага дазволіць, каб мы нішчылі сваё жыцце”. Пры гэтым біскуп нагадаў, што мы “жывём у тым свеце, які нам гэта прапануе”: “табе чагосьці захацелася – не адмаўляй сабе ў гэтым”. “Сёння ніхто не кажа аб тым, што чалавек павінен сябе выхоўваць. “Не стрымлівай сябе, жыві так, як табе хочацца”. І гэта прапанова той шырокай дарогі, якая вядзе нас у пекла”, - дадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што падчас посту вернікі адмаўляюць сабе ў добрых, прыемных рэчах, але пры гэтым чалавек павінен ацаніць свае магчымасці. “І хачу папярэдзіць, каб гэта не было зашмат чымсьці вялікім, - дадаў іерарх. - Рэч не ў тым, каб мы зараз зрабілі сабе вялікую пастанову і праз тры дні ад яе адмовіліся. Няхай гэта будзе дробная рэч, але ў якой мы здолеем вытрываць праз гэтыя сорак дзён. Вось такая трываласць выпрацоўвае ў нас дабрадзейнасць, цноту, дапамагае нам паставіць гэтыя рэчы на свае месцы, каб мы былі гаспадарамі саміх сябе”. Таксама іерарх адзначыў, што абрад пасыпання галоваў попелам нагадвае, чаму людзі павінны гэтаму вучыцца, чаму павінны падпарадкаваць натуру розуму: “Попел – гэта вобраз нашага зямнога жыцця, якое скончыцца. Але за гэтым ёсць несмяротная душа. І вось дзеля гэтай душы, дзеля яе збаўлення, яе ўратавання, дзеля чаго нават Бог не пашкадаваў свайго Сына, варта зрабіць вось гэтую перамогу над самім сабой”.
Біскуп звярнуў увагу на яшчэ адзін складнік Вялікага посту – малітву: “Часта мы практыкуем малітву як маналог, не дазваляючы Богу штосьці сказаць нам. Прачыталі пацеры – можа, нават да канца не зразумеўшы іх сэнс і значэнне, - і больш не даем Богу магчымасці прамовіць да нашага сэрца. А ў гэты час малітва вельмі неабходная, бо чалавек слабы. Каб вытрываць нават у нашых пастановах, мы патрабуем Божай дапамогі. Малітва адкрывае нашае сэрца на гэтую дапамогу”. Нагадваючы аб міласціне, біскуп прыгадаў, што “ўстрыманне дапамагае нам эканоміць пэўныя сродкі”, і “тое, з чаго мы не скарысталіся – ежа, вопратка, грошы, – усё гэта можа дапамагчы іншаму”.
Напрыканцы іерарх нагадаў, што “шлях да Бога ляжыць праз іншага чалавека”, і “час Вялікага посту павінен быць часам перамены жыцця ў адносінах з іншым чалавекам, часам прабачэння”, “павінен дамапагчы нам інакш паглядзець як на нашае жыццё, так і на тых людзей, якія жывуць побач”. “А знак пасыпання попелам няхай нагадвае нам на працягу гэтага перыяду Вялікага посту пра тое, кім мы ёсць”, - пажадаў віцебскі ардынарый. Кацярына Лаўрыненка
|