Біскуп Алег Буткевіч заклікаў святароў знайсці час на выходны дзень |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
12.03.2014 11:38 |
«Дзякую Богу за цудоўны дзень, за спрыяльнае надвор’е і за вашу прысутнасць на гэтай сустрэчы» — гэтымі словамі кс. Біскуп Алег Буткевіч распачаў Эўхарыстыю падчас сустрэчы святароў і законных асоб у Паставах, якая адбылася 11 сакавіка. Гэта было першая публічная сустрэча віцебскага Пастыра са сваім духавенствам. Як заўсёды святую Імшу папярэдзіла супольная малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Падчас гаміліі біскуп Алег звярнуў увагу святароў на іх паслугу. Ён адзначыў, што плён працы залежыць ад пасеву, ад самага пачатку. Прыгадаў вядомыя ўсім словы: «Жыві так, як будзеш абвяшчаць слова». Таксама выкарыстаў нетыповае параўнанне. Іерарх сказаў, што чалавек, як ракета, дзе душа павінна ўзляцець на арбіту, да Бога, але для гэтага ёй неабходны добры рухавік, каб не здарылася якой-небудзь аварыі. І тут, як сказаў біскуп, патрэбная духоўная свабода. Свабода ад граху, а менавіта ад трывання ў ім. І да набыцця такой духоўнай свабоды ў часе Вялікага Посту, заклікаў святароў біскуп Алег. Таксама Пастыр звярнуў увагу святароў на іх адпачынак. І нават забавязаў, каб адзін дзень у тыдні мелі выходны, каб клапаціліся пра сябе і свае сілы. Як адзначыў біскуп: «Гэта вельмі патрэбна, каб потым добра і плённа працаваць астатнія дні на Божай ніве». Падчас Эўхарыстыі біскуп Алег маліўся за ўсю дыяцэзію, каб усе імкнуліся ствараць супольнасць, ствараць сапраўдную сям’ю, дзе кожны будзе адчуваць сябе добра. Таксама пастыр дыяцэзіі маліўся за ўкраінскі народ, аб мірным вырашэнні канфлікту, які там паўстаў. На заканчэнне адбылася афіцыйная частка, падчас якой шматлікія святары атрымалі дэкрэты ад Біскупа з прызначэннямі на служэнне ў курыі і парафіях. Марына Брылёнак, Паводле catholicnews.by |