Біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызму ў Віцебску |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
17.04.2014 23:00 |
17 красавіка, у Вялікі чацвер, у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызму, якую разам з ім канцэлебравалі Генеральны вікарый дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары Віцебскай дыяцэзіі. Гэта была першая Імша Хрызма, якую цэлебраваў біскуп Буткевіч як ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. На пачатку іерарх прывітаў братоў у святарстве і кансэкраваных асобаў у “гэты дзень, калі распачынаем адзначэнне вялікай таямніцы збаўлення – Трыдуум”, на пачатку гэтай урачыстасці прыгадваючы аб “тым вялікім дары”, які быў пакінуты ў святарстве. ““Alter Christus” – той, каго Езус абірае, каб праз рукі, сэрца святара далей праводзіць справу збаўлення ў гэтым свеце. І вельмі вымоўны знак, што перажываем гэтую Імшу якраз у Вялікі чацвер; гэта святая Імша, калі будуць асвячаны алеі, якімі будзем карыстацца, атрымліваючы Божую ласку”, - адзначыў біскуп, дадаўшы, што гэтую Эўхарыстыю складае перадусім за святароў і сясцёр законных, “просячы Бога аб благаслаўленні, каб у гэты час, велікодны час, умацаваў вас у пакліканні, у служэнні Касцёлу і Богу”. Кацярына Лаўрыненка |
Фотарэпартаж |