Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Перад Вялікаднем прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам біскупа Віцебскага
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
18.04.2014 14:03

17 красавіка, у Вялікі чацвер, віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч упершыню з пачатку свайго біскупскага служэння правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў каталіцкіх і свецкіх СМІ. Прэс-канферэнцыя прайшла ў курыі Віцебскай дыяцэзіі.

Біскуп нагадаў, што ў Вялікі чацвер распачаўся Святы Пасхальны Трыдуум, адзначыўшы, што ў гэтым годзе “мы святкуем Пасху разам з нашымі братамі праваслаўнымі”. Біскуп зрабіў тэалагічны агляд Пасхальнага Трыдууму і нагадаў, што “на ўваскрасенні Хрыста будуецца хрысціянская вера”.

Пасля іерарх распавёў аб тым, што плануецца здзейсніць у Віцебскай дыяцэзіі на працягу бліжэйшага часу, адзначыўшы, што 2014 год будзе досыць багаты на падзеі ў жыцці Каталіцкага Касцёла.

Перш за ўсё віцебскі ардынарый нагадаў аб важнай падзеі для ўсяго Касцёла - кананізацыі 27 красавіка, у першую нядзелю пасля Вялікадня - нядзелю Божай Міласэрнасці - двух благаслаўлёных Папаў, Яна XXIII i Яна Паўла II. Біскуп згадаў, што благаслаўлёны Ян Павел II заклікаў вернікаў шырока адчыніць дзверы Хрысту.

Таксама біскуп паведаміў, што 3 мая ў Браславе і 31 мая ў Віцебску адбудзецца прэзбітэрскае пасвячэнне – Касцёл на Віцебшчыне атрымае трох новых святароў.

Далей віцебскі ардынарый распавёў, што “31 мая будзем дзякаваць Богу за 60 гадоў жыцця біскупа Віцебскага на пенсіі Уладзіслава Бліна, які стаяў ля вытокаў дыяцэзіі і ўклаў шмат высілкаў у яе развіцце”. 13 кастрычніка  гг. дыяцэзія адзначыць 15-годдзе свайго існавання.

21-22 мая ў Віцебску пройдзе 10-я, юбілейная, Міжнародная медыцынская канферэнцыя “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце”.

21 чэрвеня ў Віцебску адбудзецца працэсія Божага Цела. Як адзначыў іерарх, “у гэты дзень Езус Хрыстус выходзіць па-за муры касцёла, каб благаславць тых, хто жыве ў гарадах і весках”.

5 ліпеня вернікі Віцебскай дыяцэзіі, як і католікі з усёй Беларусі, збяруцца ў Нацыянальным санктуарыі на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай.

У гэтым годзе два касцёлы ў Віцебскай дыяцэзіі адзначаць стагоддзе -  10 жніўня касцёл ва Ушачах, нядаўна адбудаваны, 10 кастрычніка касцёл  Відзах, а 13 ліпеня адзначыць 110-годдзе святыня ў Параф’янаве.

2 жніўня пройдуць урачыстасці ў гонар росіцкіх мучанікаў. Біскуп адзначыў, што Росіца  стновіцца ўсё больш прыгожай дзякуючы пастырскаму клопату айца марыяніна Чэслава Курэчкі, які ў гэтым годзе стаў “Чалавекам года Віцебшчыны”.  

Урачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў у санктуарыі ў Браславе адбудзецца 22-23 жніўня.

У гэтым годзе ўжо ў дзясяты раз пройдзе Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат”, які пачаў свой шлях менавіта ў Віцебскай дыяцэзіі – Глыбокім і Удзеле.  

11 кастрычніка ў Віцебску адбудзецца Ружанцовы кангрэс. Біскуп Алег Буткевіч прадэманстраваў сабраным ружанец і патлумачыў сэнс ружанцовай малітвы, у сувязі з гэтым  нагадаўшы аб фацімскіх аб’яўленнях: у 2017 годзе будзе адзначацца іх 100-годдзе. Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая папярэджвала перад небяспекай атэізму, заахвочвала да малітвы на ружанцы і да навяртання, перамены жыцця.

Згадваючы, што 13 кастрычніка Віцебская дыяцэзія адзначыць 15-годдзе свайго заснавання, ардынарый сказаў: “Будзем дзякаваць за гэты час, намі перажыты, за тыя шматлікія ласкі, якія атрымалі ад Бога, і за тую велізарную працу, якая адбылася тут, каб Касцёл на Віцебшчыне мог мець той выгляд, які ўжо сёння мае. Хоць, вядома, гэтай працы яшчэ шмат, але і вельмі шмат здзейснена, асабліва калі ідзе мова пра ўсход нашай дыяцэзіі – тэрыторыі ад Полацка”. Біскуп распавёў аб стане Касцёла ў самім Віцебску, адзначыўшы, што 4 парафіі маюць свае касцёлы, і аб неабходнасці пабудовы святыні ў адным з самых маладых раёнаў горада - Білева, а таксама адбудове касцёлаў каля Віцебска, дзе гістарычна яны існавалі: напрыклад, у Сянно калісьці быў прыгожы касцёл.

Журналісты мелі магчымасць задаць пытанні біскупу. У прыватнасці, іх цікавіла, чаму менавіта Віцебск быў абраны для трансляцыі Імшы ў пасхальную вігілію; цікавіліся і гісторыяй катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Біскуп адзначыў, што касцёл адносна новы, быў пабудаваны у так званым спальным раёне для патрэбаў вернікаў.  

Прагучала пытанне аб перспектывах аднаўлення касцёла святога Антонія на сваім гістарычным месцы. Біскуп Алег Буткевіч падзяліўся, што гэта яго “ціхая надзея, мара з даўніх гадоў ад часу нясення душпастырскага служэння ў Віцебску, каб была магчымасць аднаўлення гэтага касцёла, які быў не проста культавым будынкам, але і свайго роду візітоўкай Віцебска”. Іерарх адзначыў, што гэта будзе аднаўленнем гістарычнай справядлівасці, гарадскія і абласныя ўлады ў сваю чаргу не супраць, каб гэты касцёл паўстаў, “ёсць малітва ў гэтай інтэнцыі, і прыйдзе час, калі гэты касцёл вернецца на свае месца”. Біскуп нагадаў, што “ў Віцебску было шмат храмаў, што сведчыць аб духоўнасці гэтага месца”.

Іерарху было зададзена пытанне, ці плануецца візіт у Віцебск біскупа на пенсіі Уладзіслава Бліна. Віцебскі ардынарый паведаміў, што меў магчымасць з ім сустрэцца, некалькі разоў яны размаўлялі па тэлефоне, таксама ёсць запрашэнне з боку біскупа Буткевіча. Журналісты папрасілі перадаць біскупу Уладзіславу Бліну прывітанне ад іх імя і паведаміць, што яны яго памятаюць.  

Журналістаў таксама цікавіла, ці будзе працягнута традыцыя правядзення ў касцёле святой Барбары арганных канцэртаў, як гэта было ў свой час. Віцебскі ардынарый запэўніў, што традыцыя будзе працягвацца.

Прысутныя пыталіся і пра касцёл святога Антонія, дзе сённняшні біскуп нёс сваё душпастырскае служэнне, цікавіліся адбудовай сённяшняга будынку касцёла.  Біскуп паведаміў, што пасля святаў працы адновяцца і на працягу двух месяцаў будынак набудзе той  вонкавы выгляд, які запланаваны паводле праекту, і, напэўна, будзе адным з упрыгожанняў вуліцы Гагарына.

На пытанне: “Ці адчуваеце настальгію па парафіі Святога Антонія?”, біскуп адказаў: “Не сыпце соль на рану”. Іерарх распавёў, што ягоная біскупская намінацыя для яго была нечаканай, па сённяшні дзень ён мае вялікае жаданне душпастырскай працы ў непасрэдным кантакце з людзьмі, і яно вельмі моцнае. Пры гэтым ардынарый дадаў, што “біскуп - гэта той самы душпастыр. толькі мае больш працы”. Ксёндз Віктар Місевіч, адказны за каталіцкія сродкі масавай камунікацыі ў Віцебскай дыяцэзіі, дадаў, што біскуп шмат спавядаў вернікаў падчас Пальмовай нядзелі. Іерарх адзначыў, што гэтая Пальмовая нядзеля для яго была ўпершыню,  і нагадаў, што 18 красавіка спаўняецца 3 месяцы яго біскупскага служэння. “Нібы і няшмат. Але для мяне ўжо цэлая эпоха”, - сказаў іерарх.  

Цікавіў журналістаў і лёс касцёла святой Веранікі ў Селішчы каля Ушачаў. Біскуп паведаміў, што прыгожыя касцёлы  - помнікі архітэктуры, якія прыйшлі сёння ў заняпад - для яго “боль у сэрцы і душы”, паведаміў, што падобныя касцёлы знаходзяцца ў мясцовасцях, дзе няшмат вернікаў, а знайсці спонсара, каб аднавіць касцёл толькі як гістарычны будынак, вельмі складана, “але трэба мець надзею”. Біскуп нагадаў, што адзін з алтароў у касцёле ў Друі спецыяльна пакінулі ў такім выглядзе, каб паказаць, як была знішчана святыня, як дэманстрацыя, што  атэізм - справа д’ябальская, але пры гэтым дадаў, што “аднаўленне, адбудова касцёла ці царквы -  гэта заўсёды знак веры”.

Кацярына Лаўрыненка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў