Пра муку і смерць Хрыста разважалі святары і вернікі разам са сваім біскупам Алегам Буткевічам 18 красавіка падчас літургіі Мукі Пана ў Вялікую пятніцу ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Вялікая пятніца, дзень, калі Езус памёр на крыжы, - асаблівы дзень, калі ў Касцёле не служыцца святая Імша.
Перад літургіяй адбыўся Крыжовы шлях, калі вернікі мелі магчымасць зноў перажыць падзеі, звязаныя з апошнімі гадзінамі Хрыста, – асуджэнне, хвіліны, калі Ён узяў свой крыж, падзенні ад знямогі пад цяжарам крыжа, смерць.
На пачатку літургіі Мукі Пана галоўны цэлебрант ксёндз Адам Дынак лёг тварам уніз перад алтаром, што выражае “стан першага чалавека”, а таксама працу і цярпенні Касцёла. У гаміліі ксёндз Віктар Місевіч нагадаў, што “Бог памірае за чалавека таму, што ведае сапраўдную цану чалавеку, ведае, што такое чалавечае годнасць і прызначэнне чалавека”. Аднак, па словах святара, хаця “крыж ёсць знакам надзеі і збаўлення”, у гісторыі не заўсёды была заўважана і зразумета вартасць крыжа. “Але толькі з адной умовай – на крыжы павінен быць Езус Хрыстус. Крыж сам па сабе – толькі прылада пакарання: страшная, нялюдская. Крыж мае сэнс толькі тады, калі на ім ёсць Езус. І быць можа, мы таксама ў нашым жыцці сустракаем крыж цярпення, боль, няўдачу, - адзначыў святар. - Не аддзяляйце тады Хрыста ад свайго крыжа. Калі перажываеце гэтае цярпенне, перажывайце яго з Хрыстом. Запрасіце Езуса ў сваё жыццё нават тады, калі па вашым твары цякуць слёзы і калі вашае цярпенне, быць можа, здаецца бясконцым”. Ксёндз Віктар Місевіч прыгадаў, што на старых каталіцкіх могілках на помніках можна ўбачыць надпіс на лацінскай мове: “О, Crux, ave, spes unica” - “Вітай, крыж, адзіная надзея”. “Ці можа быць крыж надзеяй? Ці можа быць смерць надзеяй?” - задаў пытанне святар і працягваў: “Сённяшняя Вялікая пятніца дае нам адказ: калі мы перажываем нашае цярпенне, наш крыж разам з Хрыстом, то ўсё гэта мае сэнс і надзею”.
Цэнтральнай падзеяй літургіі Вялікай пятніцы з’яўляецца адарацыя крыжа. Пасля адкрыцця крыжа ад фіялетавай заслоны людзі падыходзілі да яго, а многія і праходзячы на каленях, і цалавалі гэты знак збаўлення, аддаючы пашану Збаўцу.
Напрыканцы літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў Грабніцу Пана, дзе вернікі затым трывалі на адарацыі. Кацярына Лаўрыненка
|