23 красавіка ў Глыбокім адбылося адкрыццё і асвячэнне помніка “Езус і самаранка” на Саборным пляцы каля фантана. Рашэнне аб устаноўцы помніка на біблійную тэму было прынята Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам з нагоды 600-годдзя горада. Ідэя належыць скульптару Вячаславу Долгаву, ажыццявілі яе Мікалай Сталяр і Яраслаў Парахневіч.
У разуменні аўтара скульптура “Езус і самаранка” з’яўляецца сімвалам духоўнасці, простага чалавечага слова, супакою паміж народамі; вада –сімвал праўды, ісціны, вечнасці, якія ўзвышаюць свядомасць чалавецтва.
Адкрыццё здзейсніў старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Морхат, які ў сваім слове заўважыў, што гэты помнік павінен нагадваць кожнаму аб узаемнай пашане і любові.
На адкрыцці прысутнічала каталіцкае і праваслаўнае духавенства. Айцец Міхаіл, благачынны Глыбоцкай акругі, падзяліўся сваёй радасцю з гэтай падзеі, бо, па словах святара, з’явіўся помнік не нейкім ідалам, а духоўнасці, многія будуць цікавіцца гэтай скульптурай і гэта будзе іх духоўна ўзбагачаць.
Ад імя католікаў Глыбоччыны прамовіў кс. прэлат Мечыслаў Янчышын, які зазначыў, што вада з’яўляецца сімвалам жыцця, сімвалам вечнасці, да якой кожны павінен імкнуцца, а таксама трэба заўсёды быць адкрытым на Бога, як самаранка, і кожны павінен шукаць крыніцы сапраўднай праўды і святасці. Пасля прамоўленых слоў і супольнай малітвы “Ойча наш” святар асвяціў скульптуру.
На заканчэнне Глыбоцкі камерны хор ГДК выканаў некалькі спеваў на рэлігійную і патрыятычную тэматыку.
Паводле catholicnews.by (AG) Фота catholicnews.by
|