Прэзбітэрскае пасвячэнне адбылося ў Браславе |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
04.05.2014 13:27 |
3 мая ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе адбылося прэзбітэрскае пасвячэнне дыяканаў Яна Кароткіна і Аляксандра Фядотава з манаскай супольнасці айцоў сэрцанаў. Пасвячэнне ўдзяліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
У гаміліі біскуп адзначыў важнасць браслаўскай святыні, дзе дыяканы прымаюць прэзбітэрат, і цудатворнага абраза Маці Божай. Іерарх падкрэсліў таксама, што святар - чалавек, які перадусім паказвае сваім жыццём жывы вобраз Езуса Хрыста і нясе праз гэта людзям радасць і прагненне да жыцця.
Віцебскі ардынарый звярнуў увагу на важнасць жывых адносінаў святара з Езусам Уваскрослым, заўважыўшы, што без асаблівых і інтымных адносінаў з Езусам не атрымаецца дапамагаць людзям і несці ім надзею на жыццё вечнае.
Ва ўрачыстасцях удзельнічалі шматлікія госці з Беларусі і з-за мяжы. Прысутнічалі ўлады з ордэну айцоў сэрцанаў, навучэнцы і рэктар семінарыі з Польшчы, улады Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Пра святарскую еднасць сведчыла прысутнасць духавенства – каля трыццаць чалавек - з аколіцаў.
Бр. Яўген Хаданёнак
|
Фотарэпартаж |