13 мая ў санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне з’ехаліся многія вернікі Віцебскай дыяцэзіі, каб адзначыць успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы. Санктуарый наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У гаміліі падчас Імшы іерарх казаў пра ролю Панны Марыі ў гісторыі збаўлення. Біскуп падкрэсліў, што Маці Божая няспынна заступаецца за сваіх дзяцей, а перад кожным вернікам стаіць заданне - змяніць сябе самога. Вельмі важнай рысай, паводле біскупа, з’яўляецца еднасць хрысціянаў. “Чаму не дасягаюць нашыя малітвы Божага трону? Таму, што паміж намі няма еднасці”, - адзначыў віцебскі ардынарый і прывёў прыклад сітуацыі ва Украіне, на якую “глядзім з болем”. “Дзе няма еднасці – там няма будучыні. Марыя сёння заклікае нас да малітвы і пакаяння”, – сказаў біскуп.
Санктуарый у Шуміліне штогод становіцца духоўным прыстанішчам для пілігрымаў. Кусташ санктуарыя а. Анджэй Юхневіч адзначае: “Я заўважаю, што санктуарый у Шуміліне расквітае ўсё больш. Бачу новыя твары пілігрымаў. І гэта мяне вельмі радуе. Асабліва ўдзячны вернікам, якія прыйшлі пехатою з Віцебска, і тым, хто прыехаў з Мінскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей”.
“Нас па дарозе з раніцы змачыў дождж, было цяжкавата ісці прамокшым, але мы ахвяравалі нашыя цярпенні за іншых людзей, якія патрабуюць заступніцтва. Я, як пробашч парафіі, пайшоў у пілігрымку яшчэ і таму, што яна ўжо стала ў нас традыцыяй”, - распавёў а. Кшыштаф Коц’ян, пробашч парафіі Св. Барбары ў Віцебску. Паводле catholicnews.by
(AG) Фота catholicnews.by
|