10 мая 2014 года адбылася пілігрымка жанчын у Росіцу, у якой прынялі ўдзел і пілігрымы з Глыбокага.
Сёння Росіца — месца, якое прыцягвае немалую колькасць пілігрымаў з розных куткоў Беларусі. Летам на месца мучаніцкай смерці накіроўваюцца пешыя пілігрымкі з Полацка, Барысава, Друі, а зімой, у лютым, вернікі збіраюцца, каб ушанаваць дзень, у які благаслаўлёныя святары ахвяравалі сваё жыццё.
Вакол касцёла палымнеюць 1528 цюльпанаў, згодна з колькасцю загінуўшых тут у лютым 1943 года.
Росіца — месца, дзе яскрава праявілася ахвярнасць, цярплівасць, любоў да Бога і людзей. Дзе ж, як не тут, сучасным жанчынам духоўна ўзбагаціцца. У каго ж, як не ў росіцкіх мучанікаў вучыцца любіць бліжняга? На пачатку пілігрымаў сардэчна вітаў айцец Чэслаў Курэчка MIC. Праграма мерапрыемства была насычанай: адарацыя, святая Імша, канфэрэнцыя…
Адметнасцю сёлетняй пілігрымкі жанчын у Росіцу было тое, што ў мерапрыемствах прынялі ўдзел айцы Вадзім Мізер MIC і Канстанцін Анашка MIC, якія зусім нядаўна прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне.
Імшу ўзначаліў айцец Чэслаў Курэчка, айцы Вадзім Мізер і Канстанцін Анашка ўдзялілі прысутным прыміцыйнае бласлаўленне. Пасля Імшы пілігрымы павіншавалі айца Чэслава Курэчку з 15-годдзем святарства.
Адбылася канферэнцыя, якую правёў айцец Канстанцін Анашка і тэмай якой было цярпенне. Зразумець сэнс цярпення лягчэй, калі пабудзеш тут, у Росіцы, калі дакранешся яшчэ раз да ўжо даўняй, але яшчэ жывой раны гэтага мястэчка.
Па дарозе дадому глыбоцкія пілігрымы дзяліліся ўражаннямі. Усе згадзіліся з адным — немагчыма адзін раз наведаць Росіцу і забыцца пра яе. Росіца беражэ памяць пра сваіх мучанікаў, вучыць веры і любові, прымушае разважаць над духоўнымі каштоўнасцямі.
Людміла Ждановіч Паводле catholicnews.by
|