Біскуп Алег Буткевіч асвяціў касцёл у вёсцы Зашчэсле (Ураджайнае) |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
18.05.2014 14:13 |
17 мая біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў касцёл Маці Божай Ружанцовай у вёсцы Зашчэсле (Ураджайнае) Глыбоцкага раёна. Святыня збудавана айцамі капуцынамі з Докшыц.
Вёска Зашчэсле была перайменавана ва Ураджайнае ў 1964 годзе.
Падчас Імшы біскуп падзякаваў айцу Марэку Пасюту за прыгожы касцёл. “Бог ёсць прыгожы, і Яго святыня мае быць прыгожай”, - сказаў іерарх.
“У нашых вёсках мы можам убачыць пакінутыя хаты - закалочаныя вокны, правалены дах. Тое самае адбываецца з душой, калі яна без Бога, - адзначыў віцебскі ардынарый, словы якога прыводзіць catholicnews.by, у гаміліі. - Па чым пазнаем, што людская душа – руіна, што замест жыцця ў ёй - смерць? Калі памірае душа, яна распаўсюджвае смерць навокал”.
“Некаторыя людзі кажуць: Бог у мяне ў душы. Жывуць людзі ў такім падмане. Але Бог не ўваходзіць туды, куды Яго не запрашаюць, інакш кажучы, туды, дзе пануе грэх. Пустых месцаў няма ў свеце”, - дадаў біскуп.
Напрыканцы вернікаў павіншавалі айцец Марэк Пасют і айцец Андрэй Жылевіч, віцэ-правінцыял капуцынаў у Беларусі. Таццяна Малатоўнік, прадстаўніца райвыканкама, зачытала прывітальнае слова ад яго старшыні Алега Морхата.
Свята скончылася пачастункам у будынку вясковага клуба. (AG)
|