«Святымі не нараджаюцца — святымі становяцца»: адпуст у памяць св. Андрэя Баболі ў Лучаі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
19.05.2014 12:28 |
Спачатку прагучалі разважанні на тэму «Святымі не нараджаюцца — святымі становяцца». Вернікі даведаліся пра тое, як змагаўся Анрэй Баболя з самім сабою, «напэўна не стаў бы святым, калі б не адбыўся прагрэс у тым, што залежала ад Яго». А цяжкасці, якія сустрэў святы на сваім шляху, сталі для яго прыступкай, якая падняла яго вышэй, да мэты, вызначанай самім Богам. Далей святар прамовіў малітву за краіну. У цудоўным выкананні Андрэя Лугіна, саліста гурта «Laudans» прагучалі паэмы «Андрэй Баболя — мучанік беларускі» i «Мучанік за веру», аўтарства якіх, праўдападобна, належыць самому Янку Купалу! Гэтыя біяграфічныя творы апісваюць апостальскі лёс і пакутніцкую смерць святога Апекуна Беларусі. «Будзь жа, будзь Ты, Баболя, заступнікам нашым перад Створцам Нябесным Прадвечным, і люд свой, што любіў так, хоць вораг і страшыў, у апецы і ласцы май вечна».
Пасля адбылася Святая Імша, адной з інтэнцый якой быў супакой душы для Ганны Дубовік у 20 гадавіну смерці. Гэта спачылая парафіянка, якая для многіх была прыкладам нязломнай веры. У гады бязбожнага ліхалецця гэта жанчына навучала дзетак катэхезе, падтрымлівала святароў, сасланых у Сібір. Пасля стала манахіняй і прыняла імя сястры Міхаэлі. Святочную гамілію прамовіў пробашч з Мосара кс. Марат Казлоўскі, які пры бежмаванні выбраў сабе заступніка Андрэя Баболю. Пра яго святар сказаў: «Святы, які не патрабуе рэкламы. Даведаўшыся пра яго, нельга не палюбіць святога пакутніка». Называючы Андрэя Баболю «народным місіянерам», «апякуном адзінства» святар заклікаў вернікаў да любові, каб, нягледзячы на розныя рэлігіі, людзі імкнуліся рабіць дабро і любіць бліжняга.
Цудоўным працягам святочнага набажэнства стала Літанія да святога, апекуна сённяшняга дня. А працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам закончыла Літургію.
Лена Клімза-Колтан, Фота Юзафа Цапеліка |