“Святы Ян Павел II сказаў, што касцёл - не толькі асвячаны будынак. Езус кажа, што касцёл пабудаваны на скале, якой з’яўляецца вера Пятра. Касцёл - гэта супольнасць вернікаў. Сёння мы хочам выказаць падзяку Богу не толькі за будынак нашага асвячанага касцёла. Мы збіраемся разам, каб вызнаць веру ў Бога жывога і вызнаць так, як святы Пётр, што Хрыстус з’яўляецца Сынам Божым, Збаўцам свету”, - гэтымі словамі ксёндз Адам Квяткоўскі SDS, пробашч парафіі Святога Духа ў Віцебску, пачаў Імшу з нагоды першай гадавіны кансэкрацыі парафіяльнай святыні. Імшу быў запрошаны ўзначаліць кс. Адам Дынак, канцлер Віцебскай курыі і былы пробашч парафіі.
Цяперашні пробашч падзякаваў кс. Адаму Дынаку за самаахвярную працу для парафіі і за будаўніцтва касцёла.
У гаміліі ксёндз Адам Дынак нагадаў, што ў свой час парафія месцілася ў непрыгожым бляшаным будынку, на які з падазронасцю глядзелі жыхары навакольных вуліц, а “сёння гэты будынак з’яўляецца адным з самых прыгожых у Віцебску”. “Гэтае месца прысвечана Богу, бо кансэкрацыя – гэта прысвячэнне Богу цалкам”, - адзначыў святар і дадаў, што практыкуючых католікаў у Віцебску каля тысячы: “Гэта чацвёртая частка працэнта насельніцтва Віцебска. З аднаго боку ёсць прычына для радасці – бо пасля доўгіх гадоў атэізму ўсё адраджаецца, у Касцёл прыходзяць людзі, якіх становіцца ўсё больш і больш. Але таксама бачым, што заданняў для Касцёла, для хрысціянаў шмат. Юбілей з аднаго боку заклікае нас да ўдзячнасці Богу – і трэба Яму дзякаваць, што маем прыгожую святыню. Трэба радавацца, бо радасць - гэта стымул да хрысціянскага жыцця, да жыцця ў веры. Але на гэтым таксама нельга спыняцца”.
“Трэба глядзець у будучыню. Хтосьці сказаў, што пабудаваць касцёл – гэта справа няпростая, але не самая цяжкая, - дадаў кс. Адам Дынак. - Нашмат больш складана ўвесці ў гэты касцёл людзей. Сёння ў другім чытанні мы пачулі пра жывую святыню, якой мы з’яўляемся. Касцёл - гэта пабудова, яе трэба даглядаць, цаніць, бо яна прысвечана Богу, клапаціцца, каб гэтае месца было прыгожым, чыстым, эстэтычным, каб яно ўсіх заклікала да малітвы, да сустрэчы з Богам. Але гэтая святыня заклікае нас клапаціцца пра жывую святыню, якой мы з’яўляемся самі, каб гэтая жывая святыня была яшчэ больш прыгожая, чым сам будынак”.
Звяртаючы ўвагу таксама на словы Езуса ў Евангеллі “вы - соль зямлі”, святар адзначыў, што кожная гаспадыня ведае, што солі не павінна быць зашмат, дастаткова невялікай колькасці, каб надаць ежы патрэбны смак. “У кантэксце віцебскай рэчаіснасці, дзе практыкуючых католікаў 0,25 працэнта насельніцтва, можам яшчэ больш зразумець, што значыць тое, што мы з’яўляемся соллю. 0,25 працэнта - гэта няшмат людзей. Але калі яны будуць соллю на самой справе, яны нададуць смак жыццю ў гэтым горадзе, калі нашае жыццё будзе якасным у сэнсе хрысціянства, духоўнасці і маралі, - падкрэсліў кс. Адам Дынак. - Мы павінны стаць элітай ў самым добрым значэнні гэтага слова”. Святар пажадаў вернікам, каб парафіяльная святыня дапамагла ім па-сапраўднаму перажываць сваё хрысціянства, каб яно давала радасць і надзею жыцця і каб парафіяне сведчылі аб сваёй веры перад іншымі людзьмі.
Ксёндз Адам Дынак цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі дабрадзеяў і будаўнікоў касцёла Святога Духа, ксёндз Адам Квяткоўскі SDS - у інтэнцыі парафіяльнай супольнасці.
Напрыканцы Імшы прагучаў гімн “Цябе, Божа, праслаўляем”, у якім вернікі дзякавалі Богу за свой касцёл.
Пасля Імшы адбыўся канцэрт, на якім для прысутных праспявалі самыя маленькія парафіяне, выступіў Пётр Цвячкоўскі, саліст парафіяльнага хору, і моладзевы парафіяльны музычны гурт.
Парафія Святога Духа, аддзеленая ў свой час ад ужо існуючай парафіі Св. Барбары, спачатку мела тытул Маці Божай з ля Салет. Яе арганізацыяй з 1 ліпеня 2000 года займаўся кс. Андрэй Бочар MS. Першая сустрэча вернікаў гэтай парафіі адбылася 23 ліпеня 2000 года. Сама парафія была зарэгістравана 15 лістапада 2000 года. Ад Вялікадня 2001 г. пачаліся набажэнствы ў не даведзеным да ладу будынку фізкультурна-аздараўленчага комплека - бляшаным бараку па вул. Чкалава, 5а. Улетку 2002 г. парафію пакінулі ксяндзы салятыны, якія дагэтуль у ёй служылі. Першы пробашч парафіі ксёндз Анджэй Бочар расчысціў тэрыторыю і падрыхтаваў будынак да перабудовы. З 2002 года пробашчам парафіі стаў кс. Адам Дынак, на той час дэкан Віцебскага дэканата, які і распачаў уласна будоўлю касцёла. 8 кастрычніка 2003 г. парафія была перарэгістравана як парафія Святога Духа. У 2007 годзе яе пробашчам стаў ксёндз Сяргей Сурыновіч, які працягваў справу будаўніцтва касцёла. З чэрвеня 2008 года парафіяй і будаўніцтвам пачалі апекавацца айцы сальватарыяне. Душпастырскае служэнне ў парафіі неслі ксяндзы Станіслаў Мжыглуд SDS, Аляксандр Сапель SDS, Тадэвуш Кахановіч SDS, Анджэй Каліцяк SDS, Тадэвуш Дабравольскі SDS. 18 мая 2013 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Імшу і кансэкраваў касцёл Святога Духа. З 1 снежня 2013 года пробашчам парафіі стаў ксёндз Адам Квяткоўскі SDS.
Кацярына Лаўрыненка
|