29 мая, на ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, парафія святой Барбары перажывала падвойнае свята — віцебскі ардынарый Алег Буткевіч ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі і дарослым, а тры дзяўчыны прынялі Першую Святую Камунію.
Адмысловым госцем на ўрачыстасці быў айцец Павел Казацкі ОР, правінцыял Польскай правінцыі дамініканаў, які гэтымі днямі наведаў супольнасць айцоў дамініканаў у Беларусі.
У гаміліі біскуп, разважаючы аб сутнасці сакрамэнту канфірмацыі, нагадаў, што «Дух Святы — гэта Дух любові. Праз Святога Духа Бог хоча агарнуць чалавека сваёй любоўю. Калі мы марым пра сапраўдную любоў — варта задумацца над тым, чым яна ёсць? Бо Бог ёсць любоўю».
Іерарх прыгадаў, што «абавязак кожнага бежмаванага — быць сведкам Бога. Адчуйце розніцу — можна прыходзіць да касцёла, спаўняць усе абавязкі, маліцца — бо павінен як хрысціянін. А можа, павінен быць ва ўсім гэтым голад самога Бога. Найважнейшы для ўсіх нас, святароў, і вернікаў, з’яўляецца шуканне Бога дзеля Яго самога». Біскуп адзначыў, што менавіта з такім настаўленнем мы павінны прыходзіць у касцёл.
Біскуп звярнуў увагу на тое, што «вельмі часта мы шукаем Пана Бога там, дзе здзяйсняюцца надзвычыйныя рэчы — цуды, аб’яўленні. Святы апостал Павел сказаў, што плёнам Духа Святога ёсць — любоў, радасць, цярплівасць — у гэтым ёсць Бог. І я стану сведкам Божай любові, калі буду сеяць вакол сябе гэтыя плёны Святога Духа. Калі буду вырашаць канфлікты мірным шляхам, калі здолею прабачыць другому чалавеку, калі буду, нягледзячы на цяжкасці, радасным чалавекам — гэта значыць я буду дазваляць Духу Божаму дзейнічаць праз сябе. Не мы самі робім добрае — праз нас дзейнічае Дух».
Біскуп заклікаў прысутных «быць сведкамі Хрыста ў сённяшнім свеце, які, ствараючы ўсе больш выгодныя ўмовы для жыцця чалавека, непрыкметна, але настойліва адцягвае нас ад духоўных каранёў. Чаму патрэбна моцная вера — каб ведаць, што сапраўднае дабро грунтуецца на духоўных каштоўнясцях».
Напрыканцы Імшы прагучала падзяка для сястры Дар’і Галубковай і айца Томаша Мікі ОР, якія падрыхтавалі моладзь да прыняцця сакрамэнтаў. Пасля ўрачыстасці ўсе вернікі былі запрошаны на салодкі пачастунак, каб у парафіяльнай супольнасці адсвяткаваць радасную падзею для парафіі.
Кацярына Лаўрыненка
|