1 чэрвеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску новапрэзбітэр Аляксей Ляшко, першы за многія дзесяцігоддзі святар з Віцебска, цэлебраваў прыміцыйную Імшу. Прэзбітэрскае пасвячэнне кс. Аляксей Ляшко атрымаў напярэдадні з рук біскупа Алега Буткевіча.
У Віцебск прыехалі таксама аднакурснікі і рэктар духоўнай семінарыі ў П’ячэнцы (Італія), якую скончыў кс. Аляксей Ляшко. “Наш родненькі ксёндз Аляксей”, - такімі словамі віталі свайго святара вернікі ў касцёле.
Гамілію на прыміцыйнай Імшы прамовіў пробашч катэдральнага касцёла ксёндз канонік Адам Дынак, які адзначыў, што кс. Аляксей Ляшко з’яўляецца першым святаром віцебскага паходжання. Па словах кс. Адама Дынака, Бог не забыўся пра Касцёл у Віцебску, доказ чаго - пакліканне да святарскага служэння ксяндза Аляксея. “Віцебская зямля здольная нараджаць вялікія плады!” – дадаў пробашч.
Звяртаючыся да маладога святара, кс. Адама Дынак сказаў: “Памятай, што перад табой стаяць выпрабаванні, але ніколі не забывайся, што ты ўжо належыш да Бога навечна. Кансэкрацыя – гэта такая Божая прыватызацыя. Бог прыватызуе выбранага чалавека, і ён Яму належыць цалкам.” Пробашч заахвоціў кс. Аляксея Ляшко любіць Касцёл такім, якім ён ёсць, і служыць яму аддана.
На Імшы прысутнічала Ганна Ляшко – бабуля новапрэзбітэра, якая, па яго прызнанні, была яго першым настаўнікам рэлігіі і малітоўнай заступніцай на шляху да пасвячэння.
Сам святар падзяліўся, што вельмі шчаслівы з нагоды свайго пасвячэння і да канца яшчэ не можа ўсвядоміць тое, што адбылося; гатовы ахвяраваць сваё служэнне Богу і людзям згодна з воляй свайго біскупа, якому прысягнуў быць паслухмяным.
Паводле catholicnews.by (AG) Фота catholicnews.by
|