Віцебск наведалі віцэ-генерал і генеральны дарадца супольнасці сальватарыянаў |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
10.06.2014 15:45 |
9 чэрвеня парафію Святога Духа ў Віцебску, дзе з 2008 г. служаць сальватарыяне, наведалі госці з Рыма – кс. Рауль Гомэз SDS, віцэ-генерал Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыянаў), і кс. Кшыштаф Кавальчык SDS, генеральны дарадца.
У межах візіту кс. Рауль Гомэз узначаліў Імшу на лацінскай мове. Імшу канцэлебравалі кс. Кшыштаф Кавальчык і святары Віцебскага дэканата.
На пачатку Імшы гасцей прывіталі прадстаўніцы парафіі. У гаміліі кс. Рауль Гомэз заклікаў вернікаў “несці Хрыста гэтаму свету, які Яго патрабуе”.
Падчас Імшы віцэ-генерал Таварыства Боскага Збаўцы асвяціў новы канфесіянал, устаноўлены ў касцёле Святога Духа некалькі дзён таму. Напрыканцы святар падзякаваў прысутным за цёплы прыём і за тое, што дзякуючы гэтай малітве яны “далі адчуць, што мы з’яўляемся часткай адзінага цэлага”.
Таксама віцэ-генерал і генеральны дарадца наведалі іншыя парафіі, дзе служаць сальватарыяне.
У Беларусі сальватарыяне нясуць служэнне з 1991 г. На сённяшні дзень яны працуюць у Віцебску, Браславе і Слабодцы. Суперыёрам супольнасці ў Беларусі з’яўляецца кс. Адам Квяткоўскі SDS, пробашч парафіі Святога Духа ў Віцебску.
Кацярына Лаўрыненка, AG
|
Фотарэпартаж |