15 чэрвеня ў парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску адзначаўся адпуст. Падчас Імшы адбылося адбылося асвячэнне “хлябоў св. Антонія” і ўшанаванне рэліквіі.
Імшу канцэлебравалі пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Адам Дынак, пробашч парафіі Св. Антонія Падуанскага кс. Вячаслаў Барок, вікарый а. Станіслаў Памыкала SJ, пробашч парафіі Святога Духа кс. Адам Квяткоўскі SDS, кс. Віктар Місевіч, а. Юрый Вільк, кс. Андрэй Кулік.
На пачатку кс. Вячаслаў Барок прыгадаў гісторыю віцебскага касцёла святога Антонія, выказаўшы спадзяванне, што некалі ён зноў паўстане на старым месцы. Як адзначыў святар, “нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне ХХ ст. касцёл на Рынкавай плошчы быў разбураны, парафія аднавіла сваю дзейнасць у 2001 годзе па вул. Гагарына ў будынку Дома культуры, а сёння галоўны фасад касцёла набыў ужо сакральны выгляд”.
Ксёндз Віктар Місевіч у гаміліі зазначыў, што святы Антоній быў нармальным простым католікам, святым католікам, у якога няма падману і хлусні, няма здрады. Тым самым святар заахвоціў кожнага браць прыклад са святога, дадаўшы, што той, у сваю чаргу, напоўніць іх сілай і адвагай.
Пасля літургіі адбылася святочная праграма, якая ўпершыню ўключыла конкурс на лепшы “хлеб св. Антонія”, спечаны вернікамі. Усе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя прызы. Таксама ўпершыню праводзіўся аўкцыён парафіяльных рэчаў і латарэя. Грошы, набытыя такім чынам, пойдуць на харчаванне для бедных.
Вольга Шыдлоўская
|