Біскуп Алег Буткевіч удзяліў у Глыбокім сакрамэнт канфірмацыі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
16.06.2014 19:00 |
15 чэрвеня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 120 вернікам у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. У гэты дзень парафія святкавала адпустовую ўрачыстасць.
Біскуп прызнаўся, што з вялікім хваляваннем прыбыў у глыбоцкую парафію, бо, як малады ардынарый, яшчэ шмат пазнае, а святыня, поўная вернікаў, вельмі яго ўзрушвае. “На гэтай прыгожай зямлі інакш і быць не можа”, - адзначыў іерарх.
На ўрачыстасці прысутнічалі старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, прадстаўнікі мясцовых прадпрыемстваў. Падчас Імшы маліліся аб супакоі ва ўсёй краіне, а асабліва за родны горад Глыбокае і яго жыхароў.
У гаміліі біскуп заклікаў вернікаў углядацца ў еднасць Святой Тройцы, у Божую еднасць, бо менавіта яе не хапае сучаснаму асяроддзю, сучаснай сям’і.
На заканчэнне Эўхарыстыі прайшла працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Урачыстасць скончылася асаблівым жэстам: біскуп разам з хлопцам і дзяўчынай выпусцілі трох белых галубоў на знак супакою ў Глыбокім.
Паводле catholicnews.by (AG)
|