Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі Віцебска і ўсёй паўночнай дыяцэзіі прайшліся вуліцамі горада ў Эўхарыстычнай працэсіі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
23.06.2014 12:38 |
У Віцебску 21 чэрвеня вернікі з розных парафій дыяцэзіі ўдзельнчалі ў Эўхарыстычнай працэсіі, якая традыцыйна адбываецца з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, але не ў чацвер, а ў нядзелю. Эўхарыстычную працэсію ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У гаміліі біскуп нагадаў, што «мы ў чарговы раз збіраемся з нагоды вялікай урачыстасці, падчас якой мы вызнаем нашую веру ў прысутнасць Бога сярод людзей, у прысутнасць таго Слова Божага, Якое сталася Целам, і пасялілася між намі — не дзеля таго нават, каб Яму служылі, але каб далей служыць – гэта значыць і надалей прызначаць сваё існаванне дзеля збаўлення чалавека. Сёння мы збіраемся таксама, каб даць тое сведчанне, што мы адчуваем гэтую дзейнасць Божае ласкі на сабе, у сваім жыцці». Іерарх заклікаў прысутных прыгадаць, «колькі ў нашым жыцці было такіх момантаў, вельмі часта да канца неўсвядомленых, якія мы, можа, і не прыпісваем дзейнасці Божай ласкі», а таксама дзяліцца гэтым сведчаннем, «не замыкацца ў тым, што гэта адбылося ў маім жыцці». «Сведчанне сёння так неабходнае свету, які не ўспрымае вельмі часта іншых аргументаў, бо можа абудзіць веру ў іншага чалавека. Гэта вельмі вялікі шанец. І таксама такім вялікам шанцам для людзей з’яўляецца гэтая працэсія, калі мы ідзем за Езусам, тым самым Езусам, які нас любіць. Мы гэта адчуваем, таму і ідзем». Біскуп прыгадаў фрагмент з Евангелля, дзе было сказана, што за Езусам ішлі натоўпы, бо адчувалі моц, якая ідзе ад Яго. «І мы адчуваем гэтую моц, і аб гэтым хочам сведчыць тым, што будуць бачыць нас, вось гэтую маніфестацыю нашай веры. Езус Хрыстус сёння выходзіць разам са сваім Касцёлам на вуліцы горада, у якім жывуць вашыя дзеці і ўнукі. У сённяшні час існуе тэндэнцыя, што з меншых мясцовасцяў моладзь шукае жыцця і працы ў вялікіх гарадах, у тым ліку і ў Віцебску. І таму гэта ёсць месца, якое патрабуе асаблівай малітвы, асаблівага заступніцтва, Божага благаслаўлення, і мы просім аб гэтым благаслаўленні», — сказаў іерарх і працягваў: «Няхай нашае сённяшняе сведчанне будзе для нас чарговым умацаваннем нашай веры, аднаўленнем свядомасці ў тое, што ўсё тое, што адбываецца ў нашым жыцці, гэта не цалкам нашая заслуга ці іншага чалавека, ці грошай. Мы павінны аднаўляць гэтую свядомасць, каб ў пэўным моманце яна не сышла ва неўласцівы накірунак, так, як гэта адбываецца на Захадзе, дзе не было пераследу веры, але сёння зачыняюцца касцёлы. Яны стаяць пустыя, бо чалавеку стала добра жыць, ён лічыць, што гэтае жыцце ён забяспечвае сабе сам, і Бог яму становіцца непатрэбным. Вельмі не хацелася б, каб у нашым грамадстве ўзнік такі накірунак, бо крыніцай дабра і шчасця для чалавека заўсёды быў і застаецца Бог», — адзначыў ардынарый. «Няхай сённяшняя працэсія будзе знакам нашай шчырай сапраўднай веры, знакам, які абудзіць веру ў іншых людзях, прынамсі, змусіць задумацца над сваім жыццём. І гэта будзе тым сведчаннем, якога ад нас заўсёды чакае Езус Хрыстус», — заклікаў напрыканцы гаміліі іерарх. Пасля Імшы працэсія рушыла ад кафедральнага касцёла да касцёла Святога Духа, спыняючыся каля чатырох алтароў, каля якіх адбывалася набажэнства і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. І на загазаваных вуліцах горада, дзе заўсёды кіпіць жыццё і людзі спяшаюцца па сваіх справах, часта забываючыся на Бога, чуліся эўхарыстычныя спевы і словы Евангелля. Працэсія скончылася ўрачыстым спевам «Цябе, Божа, праслаўляем» і благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Віцебскі ардынарый выказаў словы падзякі і ўдзячнасці ўсім удзельнікам працэсіі, а таксама ўсім тым, хто прыняў удзел у яе арганізацыі і правядзенні.
Кацярына Лаўрыненка аўтар відэа Ігар Красоўскі |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.