ІІІ Міжпарафіяльная пілігрымка ўдзельнікаў руху адновы і евангелізацыі прайшла ў Далёкіх |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
15.07.2014 11:03 |
11-12 ліпеня ў Далёкіх адбылася ІІІ Міжпарафіяльная пілігрымка ўдзельнікаў руху адновы і евангелізацыі. З нагоды сустрэчы Імшу ў касцёле святога Станіслава ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У сустрэчы прынялі ўдзел госці з Глыбокага, Паставаў, Опсы і Пагошча са сваімі пробашчамі. З вернікамі з Лынтупаў удзельнікі падтрымлівалі духоўную сувязь.
Перад Імшой прадстаўнікі кожнай парафіі прэзентавалі сваю дзейнасць за год.
Пасля супольнай малітвы працаўнікі Далёкаўскага СДК прапанавалі забаўляльную праграму з песнямі, гульнямі і танцамі, падчас якой была магчымасць лепш пазнаёміцца адзін з адным.
У другі дзень пілігрымкі адбылася сустрэча ў пяці суседскіх групах на тэму “Супрацоўніцтва”.
Рэлігійныя спевы, малітва, чытанне Слова Божага, чытанне з Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору падводзілі прысутных да разважанняў аб тым, што такое сапраўдная дапамога, для чаго патрэбна супрацоўніцтва. Удзельнікі груп разам шукалі адказ на пытанне: “Што мы можам зрабіць, каб рэальна развіваць супрацоўніцтва паміж людзьмі?”, а потым, перад святой Імшой, у касцёле прэзентавалі свае напрацоўкі.
Толькі ў супрацоўніцтве і дапамозе адзін аднаму можна збудаваць адзінае Цела Хрыста – Касцёл – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі сустрэчы.
Паводле catholicnews.by (AG) Фота catholicnews.by
|