У Ідолце адзначылі парафіяльную ўрачыстасць і ўзгадалі біскупа Чэслава Сіповіча |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
20.07.2014 13:53 |
16 ліпеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, парафія Маці Божай Шкаплернай у Ідолце адзначала парафіяльную ўрачыстасць. Яна праходзіла ў 75-ю гадавіну завяршэння будаўніцтва мясцовага касцёла. Ідолту наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў Імшу і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
У парафіяльным святкаванні ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускіх грэка-католікаў: Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку а. Алесь Шаўцоў, дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў і брат рэдэмптарыст з Мінска Сяргей Ганчароў. Напрыканцы Імшы архімандрыт Сяргей Гаек павіншаваў парафіян з іх святам і ўзгадаў біскупа Чэслава Сіповіча (1914-1981), які нарадзіўся 100 гадоў таму ў вёсцы Дзедзінка (сёння Малая Дзедзіна), што знаходзіцца на тэрыторыі парафіі Маці Божай Шкаплернай.
У свяце ўдзельнічала таксама духавенства навакольных парафій, у тым ліку а. Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі, дзе 31 жніўня гг. пройдзе святкаванне 100-годдзя нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча. У ім прымуць удзел духавенства і вернікі Рыма-Каталіцкага Касцёла і Грэка-Каталіцкай Царквы.
Пасля Імшы грэка-каталіцкія святары наведалі могілкі ў Малой Дзедзіне і маліліся на магіле бацькоў біскупа Чэслава Сіповіча.
Паводле svjazep.org (AG)
Фота svjazep.org
|