З 23 па 31 ліпеня 2014 г. у докшыцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Віцебская дыяцэзія) прайшлі рэкалекцыі “Аазіс жыцця”. Рэкалекцыі, якія адбыліся ўжо не ўпершыню і карыстаюцца вядомасцю, правёў брат Віталь Юркевіч з дапамогай сясцёр адаратарак Крыві Хрыста з гэтай парафіі, у іх прынялі ўдзел 60 чалавек разам з аніматарамі з Наваполацка, Слоніма, Маладзечна, Гродна, Докшыц і Докшыцкага раёна.
Удзельнікі разважалі над тэмай “Прыміце Духа Святога і будзьце Яго сведкамі”. Дапамогай сталі канферэнцыі, якія распавядалі пра стварэнне свету, грэх, збаўленне, тлумачылі дары Святога Духа. Штодзённыя малітвы праслаўлення дапамагалі выхоўваць у моладзі павагу да Айца Нябеснага, а таксама вучылі дзякаваць Яму. Вельмі цікавым для ўдзельнікаў было знаёмства з экуменічнай малітвай Тэзэ. Спачатку ў іх была магчымасць даведацца пра гісторыю гэтай французскай вёскі, яе жыхароў і братоў, якія там працавалі і працуюць зараз, а потым памаліцца гэтай малітвай.
У чаргаванні з малітвамі праводзіліся вясёлыя вечары. Адным з самых цікавых быў рэтра-вечар, адпаведную атмасферу дапамагалі стварыць арыгінальныя касцюмы, тэматычная музыка і танцы. Майстар-класы ў розных кірунках спрыялі развіццю талентаў моладзі. Паход на возера стаў сапраўдным выратаваннем у летнюю спякоту.
“Усе гэтыя і шмат іншых заняткаў падводзяць нас да такога выніку: дзякуючы гэтым рэкалекцыям мы сапраўды пазнаём веліч і моц Духа Святога, бо “такі Дух Святы, не лёгкі ветрык, а сапраўдны ўраган””, - адзначае Вераніка Далжук з Докшыц, удзельніца рэкалекцый. (AG)
|