Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Росіцы прайшлі ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.08.2014 15:19

1-2 жніўня 2014 г. Росіца — ціхая вёска на памежжы — зноў “ажыла”: у чарговы раз яна сабрала тых, хто прыехаў на ўрачыстасці, каб ушанаваць подзвіг благаслаўлёных пакутнікаў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, праз іх заступніцтва прасіць у Пана Бога шматлікіх ласкаў для сябе і бліжніх.

Кожны год сюды прыходзяць і прыязджаюць пілігрымкі з розных куткоў не толькі Віцебскай дыяцэзіі, але і ўсёй Беларусі.  Гэтым разам у Росіцу прыбылі велапілігрымкі з Барысава і Жодзіна, прыйшлі пешыя пілігрымкі з Барысава, Полацка і Друі, прыехалі на аўтобусах пілігрымкі з Мінска, Пастаў, Верхнядзвінска. Вернікі з Віцебска ахвяравалі сваю пілігрымку ў інтэнцыі міру на Украіне.

Звяртаючыся да пілігрымаў на пачатку ўрачыстасцяў, пробашч росіцкай парафіі і апякун Месца пакутніцкай гібелі благаслаўлёных айцец Чэслаў Курэчка МІС сказаў: “Глядзеў я на вашыя твары – радасныя, прыгожыя, пабожныя - і падумаў, што наш свет будзе жыць, калі ёсць яшчэ такія людзі. Пан Бог будзе міласэрны да гэтага свету дзякуючы вашым малітвам і вашай веры”.  

Падчас Імшы для пілігрымаў айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС, пробашч парафіі ў Жодзіне, закрануў у гаміліі тэму выбару, назваўшы росіцкі касцёл “месцам, дзе адбываўся выбар благаслаўлёных росіцкіх пакутнікаў”. Святар звярнуў увагу на тое, што жыццё – гэта пілігрымка, у якой нам спадарожнічае Пан Бог, але Ён жа і дае свабоду выбару. Чалавек, па словах святара, мае права выбіраць, але ад гэтага выбару залежыць ягонае жыццё, і гэты выбар людзі вымушаны рабіць штодня. Росіцкія пакутнікі, дадаў а. Міхаіл Цвячкоўскі, таксама мелі выбар – “гэта быў выбар іх жыцця, выбар з дня на дзень, з гадзіны на гадзіну, з хвіліны на хвіліну”. “Месца росіцкіх пакутнікаў – гэта месца, у якім мы вучымся рабіць выбар, вучымся рабіць яго адважна, а наступствы гэтага выбару – гэта для нас, вернікаў, Божае Валадарства”, - падкрэсліў святар.

У гэтым годзе ў Росіцу завіталі прадстаўнікі пралайфаўскага руху – фонду “Адкрытыя сэрцы” - сям’я Наталлі і Івана Пузанавых. У сваім выступленні сужэнства ўзняло пытанні абароны жыцця ненароджаных, а таксама праблемы сучаснай сям’і. Росіца – месца, дзе пытанне абароны чалавечага жыцця і пашаны да яго гучыць найбольш актуальна. У выступленні Наталля Пузанава распавяла прысутным кранальную гісторыю маладой італьянкі К’яры Петрылло-Корбэлла, якая ў свой час зрабіла выбар і якую называюць другой Джанай Берэтай Молла. К’яра памерла ва ўзросце 28 гадоў, аддаўшы жыццё за сваё дзіця. Але перад гэтым двое яе дзяцей – дзяўчынка і хлопчык - паміралі адразу пасля нараджэння. Падчас цяжарнасці ў яе першага дзіцяці, дзяўчынкі, была дыягназавана адсутнасць мозгу; падчас другой цяжарнасці ў хлопчыка – адсутнасць рук і ног. Кожны раз урачы прапаноўвалі К’яры зрабіць аборт, папярэджваючы, што дзіця і так памрэ, і кожным разам жанчына адмаўлялася. Немаўляты паміралі ў яе на руках неўзабаве пасля нараджэння. Трэцяя цяжарнасць праходзіла без праблем, маладая сям’я чакала нараджэння здаровага хлопчыка, але ў К’яры выявілі рак. Каб захаваць яе жыццё, урачы прапанавалі жанчыне зрабіць аборт, каб распачаць хіміятэрапію, бо яна зашкодзіла б дзіцяці падчас цяжарнасці. Жанчына адмовілася рабіць аборт, а каб захаваць жыццё і здароўе дзіцяці, адмовілася ад хіміятэрапіі. Праз пэўны час пасля нараджэння свайго сына жанчына памерла.  

Імшу апоўначы ўзначаліў віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч. Вітаючы іерарха ў росіцкай святыні, айцец Чэслаў Курэчка сказаў, што біскуп часта прыязджае сюды, каб памаліцца ў цішыні, лежачы крыжам перад абразом росіцкіх пакутнікаў і просячы іх аб заступніцтве перад Богам, каб усе яго планы і намаганні былі паводле Божай задумы.  

У гаміліі віцебскі ардынарый, прыпамінаючы пра людзей, якіх салдаты загналі ў касцёл у тыя лютаўскія дні, папрасіў прысутных паспрабаваць уявіць, аб чым яны думалі, рыхтуючыся да смерці. “Напэўна, яны не марылі аб чымсьці матэрыяльным, - адзначыў біскуп. - Яны асаблівым чынам шукалі вечнасці, разумеючы, што гэтыя іх крокі на зямлі будуць апошнімі”. “Свядомасць таго, што адбылося ў гэтым касцёле, няхай дапаможа нам крыху інакш паглядзець на нашае жыццё – чаго мы шукаем, чаго просім у Бога, - дадаў іерарх. - Паспрабуем усвядоміць, што ў нашым жыцці з’ўляецца найважнейшым. Мы жывем у той час, калі Бог патрабуе ад нас праўдзівага адказу на пытанне: дзеля чаго я жыву, чаго шукаю ў сваім жыцці, што для мяне ёсць найважнейшым? І няхай жа ахвяра росіцкіх пакутнікаў дапаможа нам знайсці праўдзівы адказ, так, як яго знайшлі благаслаўлёныя пакутнікі, якія былі ўпэўнены, што, губляючы сваё жыццё, яны не губляюць свайго існавання. Мы патрабуем ахвяры, каб выратаваь гэты свет, у якім зноў і зноў паўтараецца тая ж самая трагедыя – людской слепаты. Чалавек не заўважае і не разумее, кім ён ёсць і дзеля чаго жыве”.

Пасля Імшы адбылася працэсія з запаленымі паходнямі і свечкамі да месца пакутніцкай гібелі ахвяраў росіцкай трагедыі, дзе сёння стаіць вялізарны крыж. Кожны год уначы пілігрымы ідуць гэтым шляхам у цемры, якую асвятляюць агеньчыкі соцень свечак у руках вернікаў, і кожны раз гэты шлях перажываецца інакш.

У Росіцы час не марнуецца. Тут асаблівым чынам разумееш крохкасць і часовасць гэтага жыцця. Таму падчас урачыстасцяў малітва ў касцёле не перапыняецца ні на хвіліну. Пасля працэсіі ў касцёле адбылася малітва праслаўлення. Раніцай вернікі ўшанавалі Найсвяцейшую Панну Марыю спевам гадзінак, а таксама маліліся на ружанцы. Святары Грэка-Каталіцкай Царквы адслужылі Літургію. Для вернікаў былі праведзены канферэнцыі “Сустрэча з Божым словам” і “Сустрэча з Касцёлам”.

Імшу на заканчэнне ўрачыстасцяў ўзначаліў ксёндз Вячаслаў Барок, пробашч касцёла святога Антонія ў Віцебску. Гамілію прамовіў айцец Тадэвуш Бычкоўскі МІС, прадстаўнік правінцыяла марыянаў. Кажучы аб акалічнасцях смерці благаслаўлёных Юрыя і Антонія, святар сказаў, што такім чынам яны “сталі зернем хрысціянскай веры для гэтай зямлі”. “Якім чынам гэтае зерне праклюнулася, вырасла – дастаткова глянуць на гэтую святыню, поўную вернкаў, на працэсіі на месца пакутніцтва, а яшчэ раней дастаткова ўзгадаць высілкі пілігрымавання да гэтай святыні: гэта ўсё плёны таго зерня, што было пасеяна”, - дадаў святар.

Па словах а. Тадэвуша Бычкоўскага, калі мы разважаем над жыццём благаслаўлёных і іх пакутніцкай смерцю, то, пэўна, задаем сабе пытанне: ці маглі б мы здзейсніць гэты гераічны чын, прыняўшы пакутнікую смерць, не пакідаючы давераных нам людзей? “Трэба смела сабе сказаць, што пакутніцтва з’яўляецца асаблівай ласкай, асаблівым пакліканнем. Не кожны пакліканы да таго, каб быць пакутнікам. Але кожны з нас пакліканы быць сведкам Бога Усемагутнага праз выкананне Яго волі і загадаў. Іх выкананне патрабуе ад нас высілкаў і нейкага адрачэння ад саміх сябе. Але загады - гэта не цяжар. Яны ўстаноўлены, каб ахоўваць нашу годнасць. Гэта дарога жыцця, дарога благаслаўлення, - адзначыў святар. - Усялякія выпрабаванні – праверка нашай вернасці. У цярпеннях у нас апускаюцца рукі. У такія моманты нам нічога не застаецца, як толькі яшчэ раз паглядзець на крыж і Укрыжаванага Хрыста на ім”.

Па словах святара, натуральна, што чалавек баіцца цярпенняў і смерці, але пры гэтым яшчэ больш чалавек баіцца людскога асуджэння, якое адрывае нас ад Бога. “Што скажуць людзі, калі ўбачаць ружанец у руцэ, калі я перажагнаюся, калі публічна буду вызнаваць веру ў Пана Бога? Таму часта мы паддаемся спакусе, каб дастасавацца да людскіх думак, да гэтага свету. Але сёння росіцкія пакутнікі нам хочуць сказаць, што годнасць чалавечай асобы не вартая таго, каб быць залежнай ад іншых людзей, ад іх суджэнняў”, - падкрэсліў а. Тадэвуш Бычкоўскі і прыгадаў, што часта людзі для супакаення ўласнага сумлення пачынаюць параўноўваць сябе з іншымі, і часцей з горшымі, каб абараніць свае ўчынкі. “Ніколі нельга параўноўваць сябе з горшымі. Калі мы і маем з кім сябе параўноўваць, то толькі з Езусам Укрыжаваным. А калі мы і хоцелі б параўнаць сябе з кімсьці на гэтай зямлі, то з благаслаўлёнымі пакутнікамі Антоніем і Юрыем, бо яны не пайшлі простым шляхам, не пакінулі сваіх вернікаў, але разам з імі пайшлі на смерць, паказваючы такім чынам, як належыць быць сапраўдным сведкам Езуса Хрыста”, - адзначыў святар.

У апошні час людзі заўважаюць, як расквітнела Росіца дзякуючы намаганням а. Чэслава Курэчкі, які ўпрыгожыў яе кветкамі. Сам святар дзякуе ўсім тым, хто прыязджае сюды з розных куткоў Беларусі, каб дапамагчы ў гэтай нялёгкай працы.

Чаму ў Росіцы так шмат пілігрымаў, і не толькі два разы на год, хоць у гэтыя дні, зімой і летам, іх асабліва шмат? Чаму так шмат вернікаў замест прыемнага адпачынку едзе сюды, каб палоць і садзіць кветкі? Чаму многія заклапочаны тым, каб Росіца квітнела і прыгажэла? Адказ на гэтае пытанне, пэўна, даў сам а. Чэслаў Курэчка, вітаючы пілігрымаў, калі сказаў ім, што “Росіца – наш дом”. А дом  - гэта там, дзе спакойна і ўтульна, дзе цябе любяць і чакаюць.  

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў