У санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў упершыню вырушыла пілігрымка з Глыбокага |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
21.08.2014 10:52 |
20 жніўня 2014 г. у санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе вырушыла пілігрымка з Глыбокага, якая аб’яднала вернікаў з Празарокаў, Полацка, Варапаева, Барысава, Паставаў, Канстанцінава. Гэтая першая пешая пілігрымка ў Браслаўскі санктуарый у гісторыі глыбоцкай парафіі.
Як паведамляе catholicnews.by, шматлікія “ветэраны” беларускіх пілігрымак сабраліся ў мясцовым касцёле на ранішнюю святую Імшу, пасля якой 50 удзельнікаў разам з кс. Вячаславам Пялінкам вырушылі ў шлях.
Праз некалькі кіламетраў ад горада жыхары в. Мярэцкія арганізавалі для пілігрымаў сняданак. Таксама па дарозе вернікі сустрэлі дзяцей з дзіцячага садка гэтай вескі, якія, хоць не разумеючы, куды і дзеля чаго ідуць гэтыя людзі, шчыра віталі іх. Мужчына пачаставаў пілігрымаў яблыкамі. У в. Савуткі вернікі затрымаліся на адпачынак і пасілак каля хаты сям’і Губскіх, якія кожны год дазваляюць пілігрымам адпачыць на сваёй тэрыторыі і частуюць іх. У Шаркаўшчыне іх сустрэлі і размеркавалі на начлег пробашч мясцовай парафіі кс. Крыштаф Сілкоўскі разам з парафіянамі. (AG) Фота catholicnews.by
|