Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Тут уцалеў самы старажытны з вядомых алтарных абразоў Беларусі»: у Дрысвятах адзначылі 500-годдзе парафіі
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
27.08.2014 02:49

24 жніўня ў Дрысвятах святкавалі 500-годдзе існавання парафіі. Святую Імшу з нагоды урачыстасці ў касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Для мясцовых парафіянаў і гасцей, якія наведалі ў гэты дзень Дрысвяты, мясцовая арганістка і краязнаўца Эмілія Шавэлла распавяла пра хроніку парафіі.

«Як на возеры Дрысвяцкім замак велічны стаіць, сцяна, тры вежы, роў з вадою, у далеч грозна ён глядзіць, а побач храм, прыгожы, новы, маліцца людзі ў ім гатовы, Дзеву Марыю ўсхваляць і Жыгімонту дзякаваць», – зачытвала прысутным краязнаўца.

Гісторыя парафіі ў Дрысвятах распачалася 6 жніўня 1514 года, калі Кароль Польшчы і Князь Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонт І Стары даў фундуш на будаўніцтва святыні на востраве Замак тагачаснаму ўладальніку Дрысвятаў Мікалаю Радзівілу.

Касцёл у гонар імя Найсвяцейшай Панны Марыі будаваўся як філіял браслаўскай парафіі, а ў 1520 годзе дрысвяцкая парафія стала самастойнай. У першай чвэрці ХVI стагоддзя нямецкі мастак Ганс Эльвінг піша абраз — «Пакланне вешчуноў», які становіцца аздобай і гонарам святыні. Пазней, у савецкія часы атэізму, абраз будзе выкінуты на сметнік, ды выпадкова падабраны і забраны ў Мінск... На дадзены момант ён знаходзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі і лічыцца самым раннім з вядомых алтарных абразоў у Беларусі. Андрэй Ледзенеў, сын пісьменніка Віктара Ледзенева, зрабіў для дрысвяцкага касцёла лічбавую копію гэтага абраза, якая і знаходзіцца ў алтары на сённяшні дзень.

«Пакланенне вешчуноў»

Першы касцёл быў пабудаваны з дрэва, ужо ў 1611 годзе распачалася будова новай мураванай святыні. Падчас шведскай навалы мястэчка Дрысвяты было спалена, але касцёл уцалеў.

Касцёл і час

Аднак на пачатку ХVIII стагоддзя, калі насельніцтва стала рассяляцца на беразе возера, а не на востраве, у новым месцы распачалася і будоўля святыні. У 1725 годзе на фундуш Людвіка Пацея была пабудавана і асвечана святыня імя свв. Апосталаў Пятра і Паўла. У гэтым стагоддзі ў склад парафіі ўваходзілі таксама бліжэйшыя фальваркі і маёнткі – Мяжаны, Рымшаны, Гайды, Тыльза, Смолва, якія толькі ў 1926 годзе вылучыліся ў асобныя парафіі. На той час парафія ў Дрысвятах налічвала 5347 вернікаў (для параўнання: на 2014 год у парафіі налічваецца 571 вернік).

У часы Першай сусветнай вайны касцёл знішчылі, а ў 1927-1929 была пабудавана новая святыня ў стылі беларускага мадэрну. Будоўляй кіраваў Лявон Вітан-Дубейкаўскі, інжынер-будаўнік і грамадска-палітычны дзеяч, які ў свой час перажыў пераслед польскіх уладаў за сваю беларускую дзейнасць. Разам з навучэнцамі ён адбудаваў касцёл за два летнія сезоны працы па новай тэхналогіі кладкі брусоў. Апрача касцёла ў Дрысвятах ён займаўся архітэктурна-будаўнічымі справамі ў Відзах.

Падчас Другой сусветнай вайны касцёл не быў пашкоджаны і ў ім працягваліся набажэнствы. Сітуацыя змянілася з прыходам Саветаў і ўсталяваннем камуністычнага рэжыма. У 1963 годзе касцёл быў зачынены і ператвораны ў склад жалеза, алтары і касцёльная дакументацыя былі знішчаны.

Новае жыццё парафіі

Усё аднавілася ў 1990-ыя. У парафію прыехалі два маладыя святары з Польшчы, місіянеры Маці Божай з ля-Салет: Зянон Шчорхар, які стаў пробашчам, і Альфрэд Пяхота.

Спачатку парафіяне маліліся са сваімі душпастырамі ў капліцы, а ўжо ў 1994 годзе была адрамантаваная святыня. 29 чэрвеня гэтага ж года адбылося яе асвячэнне: тут адбылося і першае набажэнства, у якім прымаў удзел Кардынал Казімір Свёнтэк, які на той час быў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ксёндз Зянон Шчорхар быў пробашчам на працягу 15 гадоў, а змяніў яго кс. Юзаф Блажэй, місіянер з таго ж ордэна. Падчас служэння новага пробашча былі пабудаваны капліцы ў бліжэйшых вёсках Гірэйшы, Дварышчы і Карасін. Пазней на змену прыехаў беларускі святар кс. Віталій Галец, які папрацаваў у парафіі толькі 9 месяцаў, але за кароткі час скончыў рамонт плябаніі. Так як святар з’яўляўся суддзёй у Касцёльным судзе Віцебскай дыяцэзіі, неўзабаве яго перавялі з Дрысвят на служэнне ў Дзеркаўшчыну.

Потым на працягу двух з паловай гадоў пробашчам быў кс. Юрый Жаўняровіч, якога ўзгадваюць як таленавітага і разумнага святара, а таксама вельмі актыўнага працаўніка. Разам са сваімі роднымі і парафіянамі святар праводзіў працы па ачышчэнні святыні звонку.

Дрысвяты сёння

На змену яму прыехаў працаваць кс. Чэслаў Халдас, місіянер Маці Божай з ля-Салет, як і першыя тры святары ў 90-ых гадах.

Ксяндзу Чэславу Халдасу сёння ужо 80 гадоў, 31 жніўня 2014 года ён будзе развітвацца з парафіянамі, заканчваючы сваё служэнне Касцёлу ў Беларусі. Час яго служэння, як адзначаюць парафіяне, — гэта ўзор пунктуальнасці, культуры і дысцыпліны. Святкаванне 500-годдзя парафіі называюць падвядзеннем вынікаў яго служэння ў дрысвяцкай парафіі, у якой апрача духоўнай працы ён прычыніўся і да матэрыяльнай адновы: арганізоўваў рамонт калякасцёльнага мура, даху, вежаў, пабудаваў гараж і дрывотню.

Паўвекавы юбілей парафіі — гэта вялікая падзея, якая з’яўляецца пэўнай мяжой, на якой трэба спыніцца, каб падсумаваць пройдзенае, а таксама прыняць курс на будучае развіццё.

500–годдзе парафіі ў Дрысвятах сабрала як саміх парафіянаў, так і шматлікіх гасцей, якія мелі магчымасць пасля Эўхарыстыі падсілкавацца апрача духоўнага, смачным кулінарным пачастункам і культурнай забавай — канцэртам ад мясцовага фальклёрнага калектыва «Вярба».

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў