У Віцебску, як і ва ўсіх парафіях краіны, у парафіі Езуса Міласэрнага ў апошнюю нядзелю лета, 31 жніўня 2014 г., прайшла святая Імша для дзяцей і моладзі, якія распачынаюць новы навучальны год. Эўхарыстыю цэлебраваў кс. Ян Кароткін.
Прысутнічалі пробашч парафіі, грэміяльны канонік Віцебскай Катэдральнай Капітулы кс. Адам Дынак, родныя і блізкія дзяцей.
У гаміліі кс. Ян Кароткін павіншаваў дзяцей з пачаткам новага навучальнага і катэхетычнага года. Святар сказаў, што Пан Езус любіць дзяцей і будзе падтрымліваць іх у вучобе, а таксама нагадаў, што і дзеці ў сваю чаргу не павінны забывацца пра Бога.
Бацькі маліліся за дзяцей: «Хай нашых дзяцей абміне усё тое, што адбываецца з дзецьмі Украіны, дзе ідзе вайна, дзе гінуць дзеці і становяцца сіротамі. Пане Божа, выратуй дзяцей Украіны. Выратуй дзяцей усяго свету…»
Напрыканцы Імшы кс. Ян Кароткін благаславіў дзяцей і іх школьныя прылады. Усе дзеці атрымалі невялікія падарункі — сшыткі, ручкі, алоўкі і прысмакі.
Пасля Імшы быў зладжаны парафіяльны пікнік. З-за надвор'я мерапрыемства з адкрытага паветра перанеслі ў касцёльную кавярню, дзе апрача пачастунку можна было паўдзельнічаць у гульнях, паспяваць і патанцаваць.
Анатоль Бандарчук
|