Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
100-годдзе касцёла адзначылі ў Відзах
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
06.10.2014 13:09

5 кастрычніка ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах шматлікія вернікі парафіі і госці сабраліся разам на святкаванне 100-гадовага юбілею святыні. Ва ўрачыстасцях прымаў удзел і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На пачатку святкавання 100-годдзя святыні адна з парафіянак прадставіла прысутным гісторыю відзаўскай парафіі і касцёла.

Затым біскуп Алег Буткевіч асвяціў два абразы на бакавых алтарах Езуса Міласэрнага і святога Яна Паўла ІІ, якія былі адмыслова створаны да 100-годдзя святыні мясцовай  мастачкай Алінай Трукан.

У гаміліі біскуп нагадаў, што чыста з чалавечага пункту гледжання гісторыя гэтага касцёла была нешчаслівай. «Злы нішчыў не толькі будынак касцёла, але і Касцёл, які складаеце вы, — Касцёл з чалавечых сэрцаў. Гэта дом, які мы будуем, і ў яго не можа быць іншага фундаменту, апрача таго, які ўжо ёсць — якім з’яўляецца Езус Хрыстус. І таму гэты касцёл мусіць стаць тым вуглавым камнем», — сказаў віцебскі ардынарый. 

 

Іерарх нагадаў, што гэтая парафія дала і свой плён — гэта прысутныя на ўрачыстасці святары Генадзь Ляўкоў і Эдвард Нарадоўскі, якія служаць у сваёй роднай дыяцэзіі, сястра Тэрэза Абалевіч — вядомы доктар філасофіі, ксёндз Генрых Дамашка, які трагічна загінуў некалькі гадоў таму.

Таксама ў гаміліі біскуп заклікаў прысутных, каб «сярод штодзённых абавязкаў і клопатаў памяталі пра сваё прызначэнне». «Мудрасць кажа, што ў нашай уладзе паспрабаваць змяніць нас саміх. І калі я змяняюся сам, перамяняю свае сэрца — змяняецца свет вакол мяне», — зазначыў віцебскі ардынарый.

Іерарх пажадаў, каб «гэтая святыня, якая нагадвае чалавека, што ўзносіць свае рукі да Бога, была напоўнена жывой, шчырай людской малітвай, малітвай падзякі і праслаўлення Усемагутнаму Богу за Яго любоў».

Падчас Імшы сто вернікаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Біскуп Алег Буткевіч адзначыў сімвалічнасць гэтай лічбы, што, паводле яго слоў, у пэўнай меры стала працягам акцыі ў відзаўскай парафіі «Зрабі сто добрых учынкаў» і марафону на сто кіламетраў ад капліцы да капліцы з малітвай.  

Пасля Імшы біскуп асвяціў памятны камень, усталяваны каля касцёла ў гонар стагоддзя святыні і стагоддзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, а таксама як напамін аб 25-годдзі святарства пробашча кс. Альфрэда Пяхоты і вікарыя кс. Зянона Шчонхара — місіянераў салятынцаў. Абодва святары служаць у Беларусі 24 гады.  

На заканчэнне ўрачыстасці выступіў хор з Глыбокага, які выканаў духоўныя спевы. 

Парафіяне

Ці не найбольш цешыліся на ўрачыстасці старэйшыя парафіяне, усё жыццё якіх было цесна звязана з гэтай святыняй, якія былі сведкамі яе росквіту, закрыцця, а потым адраджэння. Маці Веры Бражэвіч, Малання, яшчэ падлеткам дапамагала пры пабудове касцёла — «цаглінкі насіла». У 1989 г. і на пачатку 1990-х сама Вера дапамагала пры рамонце касцёла.

Альдона Макоўская, у дзявоцтве Ліманоўская, у 1944 годзе прымала ў гэтым касцёле Першую Камунію. Яна ўспамінае і падзеі 1950 года, калі ў вернікаў забралі касцёл: «Я была падлеткам, не вельмі добра гэта памятаю, але помню, што тады плакалі ўсе...»  Потым яна доўгі час ездзіла ў касцёлы ў Літву і ў вёску Далёкія. Шмат радасці было, калі відзаўскі касцёл, нарэшце, аддалі вернікам. «Народу шмат прыходзіла. Молімся, а на на нас снег сыпецца, і галкі лётаюць», — успамінае яна 1989 год. Але вернікі вытрывалі, чысцілі, прыбіралі, дапамагалі і, нарэшце, дачакаліся 100-годдзя святыні.



Цуд адбыўся: храм наш уваскрос.
З абразоў глядзіць Хрыстос.
Продкаў памяць, продкаў дух жыве.
Меладычны ў небе спеў плыве.

Час надзеі і выпрабаванняў

Сённяшні касцёл у Відзах быў пабудаваны ў 1904–1914 гг. з чырвонай цэглы ў цэнтры мястэчка паводле праекту архітэктара Л. Вітан-Дубейкаўскага. Аднак у год заканчэння будаўніцтва пачалася Першая сусветная вайна. У выніку ваенных дзеянняў у 1916 годзе касцёл моцна пацярпеў: былі пашкоджаны дах, вокны, сцены, падлога, адна з вежаў. Намаганнямі вернікаў касцёл быў цалкам адрамантаваны толькі да 1932 года.

 

Цалкам пра гісторыю парафіі можна прачытаць тут

Кацярына Лаўрыненка


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў