«Калі агні свету знікаюць»: ружанцовая малітва прайшла ў Наваполацку |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
13.10.2014 11:18 |
11 кастрычніка Віцебская дыяцэзія перажывала другую частку Ружанцовага Кангрэсу. З гэтай нагоды вернікі парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку сабраліся вечарам на супольнай малітве, каб разважаць над таямніцамі святла Ружанца. «Калі ўсе агні свету знікаюць, калі здаецца, што Касцёл — гэта толькі грамада слабых людзей, калі не атрымліваецца малітва, калі не бачым сэнсу, застаецца толькі адзінае святло, якое ніколі не згасае», — зазначалася ў малітве. Ідучы ў працэсіі вакол касцёла са свечкамі, вернікі праз заступніцтва Марыі маліліся аб супакоі ва ўсім свеце. Пробашч парафіі кс. Аляксандр Чайкоўскі на заканчэнне малітвы яшчэ раз нагадаў пра важнасць і актуальнасць аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме і Люрдзе, заахвоціўшы да малітвы аб супакоі ў свеце. Напярэдадні распачацця Ружанцовага Кангрэсу ў Наваполацку дзеці з парафіі здзейснілі пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браслаў, дзе перад абразом Панны Марыі маліліся аб супакоі для сваіх сем’яў і для ўсяго свету. Яўгенія Трапачова |