12 кастрычніка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне адбыўся сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт вернікам гэтай і дзвюх суседніх парафій удзяліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Касцёл быў запоўнены людзьмі, сярод якіх было шмат моладзі. Пробашч кс. Кшыштаф Сілкоўскі прывітаў біскупа і святароў з суседніх парафій, якія прыбылі на ўрачыстасць.
У гаміліі падчас Імшы біскуп Алег Буткевіч узгадаў пра сваю нядаўнюю сустрэчу з Папам Францішкам. Іерарх адзначыў, што ўражанні ад гэтай сустрэчы цяжка перадаць словамі: гэта выглядала як сустрэча з сапраўдным айцом.
Віцебскі ардынарый падзяліўся, што, едучы ў Шаркаўшчыну, бачыў, як людзі ў нядзелю працуюць на палях, і задаў вернікам пытанне: «Няўжо нам не хапае для гэтага шасці дзён, якія адвёў нам Бог?» Па словах біскупа, часта можна пачуць у адказ, што людзям не стае часу, але прычына ў тым, што «нам не хапае часу на Бога». Іерарх згадаў выраз біблейскага прарока: «Вы працуеце, а не маеце, сееце і не збіраеце, зарабляеце і адкладваеце гэта, як у дзіравы мяшок». Біскуп адзначыў, што гэтыя словы, напісаныя больш за дзве тысячы гадоў таму, як ніколі актуальныя і сёння.
Біскуп засяродзіўся на праблемах сям’і, якія сёння вельмі востра стаяць перад грамадствам. Іерарх прывёў прыклад, што часта чалавек тлумачыць стварэнне сям’і тым, што закахаўся, што яму добра са сваім абраннікам; але ў першую чаргу гэта адказнасць перад Богам: «Гэтага чалавека мне дае Бог і ўскладае на мяне адказнасць за гэтага чалавека. І гэта маё пакліканне».
Ардынарый звярнуў увагу і на тое, што канфірмацыя не павінна стаць для маладых людзей момантам урачыстага расставання з Касцёлам, бо ў сённяшнім свеце чалавек усё менш увагі ўдзяляе Богу. «Калі мне Бог патрэбны толькі на тое, каб мець здароўе, знайсці грошы, уладкаваць сваё жыццё, то ўявіце сітуацыю: калі я ўсё гэта маю, то дзе месца на Бога?» — паставіў пытанне іерарх.
Біскуп скончыў гамілію словамі Хрыста аб тым, што ў першую чаргу трэба шукаць Валадарства Божага, а астатняе будзе вам прыкладзена.
Для верніцы Ірыны ў гэты дзень было двайное свята: яна прымала сакрамэнт канфірмацыі ў дзень нараджэння, калі ёй споўнілася 17 гадоў. На пытанне «чаму маладому чалавеку важна хадзіць у касцёл?» Ірына адказала: «Бог заўсёды павінен быць на першым месцы. Бо калі Бог на першым месцы, то ўсё астатняе будзе на сваім месцы».
Напрыканцы Імшы біскуп заклікаў моладзь, якая хутка пакіне бацькоўскія дамы і паедзе на вучобу ці працу, каб там яна не забывалася на сваю веру, не саромелася яе, кожную нядзелю наведвала святую Імшу і не пакідала сувязі ні з бацькоўскім домам, ні з Касцёлам.
Ардынарый нагадаў, што сям’я — гэта маленькі Касцёл, таму вельмі важна, каб і бацькі, і дзеці маліліся дома разам, бо, як кажа Пан, дзе двое сабраны ў імя Маё — Я сярод іх. «Не бойцеся прысвяціць Богу свой час. Ён ніколі не будзе страчаны. І не толькі час. Усё ахвяраванае Богу вяртаецца чалавеку», — падкрэсліў біскуп.
Іерарх заўважыў, што ў касцёле прысутнічала шмат мужчын. На гэта біскуп Алег Буткевіч звяртае ўвагу ўжо не першы раз, падкрэсліваючы, што мужчыны не павінны саромецца сваёй веры, а быць у першых радах святыні. Як прыклад віцебскі ардынарый прывёў моцны інстытут сям’і ў мусульман, дзе мужчына карыстаецца аўтарытэтам у сям’і і на першым месцы мае Бога, дадаўшы, што так павінна быць і ў хрысціян, бо калі будзе моцнай хрысціянская сям’я — будзе моцным і грамадства.
Паводле catholicnews.by (AG) Фота catholicnews.by
|