Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Шуміліне прайшлі ўрачыстасці з нагоды 15-годдзя заснавання Віцебскай дыяцэзіі
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.10.2014 14:02

13 кастрычніка вернікі і святары Віцебскай дыяцэзіі на чале з біскупам Алегам Буткевічам сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, каб урачыста адзначыць 15-годдзе заснавання Віцебскай дыяцэзіі.

«15 гадоў — добры ўзрост для чалавека, гэта ўжо юнацтва. Гэта прыгожы узрост, у якім чалавек мае шмат планаў і намераў, — адзначыў на пачатку Імшы біскуп Алег Буткевіч. — Перад намі яшчэ шмат прыгожых Божых справаў, якія мы з вамі павінны выканаць. Сёння мы дзякуем Пану Богу за гэты час, які праляцеў так хутка».

«Маё нараджэнне як святара адбылося праз год пасля ўтварэння нашай дыяцэзіі, і Шуміліна — месца, дзе ў мяне перажываецца ааблівым чынам і ўзнікненне нашай дыяцэзіі, і для мяне асабіста — святарства, — дадаў іерарх. — Гэта тое месца, дзе мы асаблівым чынам, праз заступніцтва Маці Божай Фацімскай, хочам узнесці словы падзякі Богу за шматлікія ласкі, якія нашая дыяцэзія як вялікая сям’я атрымоўвала на працягу 15 гадоў існавання». Таксама віцебскі ардынарый адзначыў, што «нельга не ўзгадаць чалавека, які павінен быў тут быць, які стаяў ля вытокаў Віцебскай дыяцэзіі і прыкладаў вялікія намаганні дзеля яе развіцця» — біскупа на пенсіі Уладзіслава Бліна, падкрэсліўшы, што «гэта фактычна яго заслуга і яго свята».

Сіла веры

Шумілінскую святыню біскуп Алег Буткевіч назваў «знакам і сілай» Віцебскай дыяцэзіі. Нагадаўшы, як выглядаў гэты будынак на пачатку існавання дыяцэзіі, іерарх заўважыў: «Ніхто нават не думаў, што тут паўстане такая прыгожая святыня».

Віцебскі ардынарый паведаміў прысутным, што гэтую Эўхарыстыю складае як знак удзячнасці Богу за час існавання Віцебскай дыяцэзіі. У гаміліі біскуп адзначыў, што 15-годдзе — «гэта, можа, і невялікі юбілей, але гэта нагода заўважыць, як у жыцці чалавека дзейнічае і праяўляе сябе Божая моц, Божая ласка». «Мы жывём на той зямлі, якая шмат гадоў была пазбаўлена Божага дажджу, на зямлі сасмяглай, спрагнёнай Божага слова, Божых тайнаў. Але адначасова гэтая зямля мела карані, якія не здолелі знішчыць ні пераслед, ні ганенні. Як толькі з’явілася магчымасць — гэтыя карані прараслі, і сёння мы з’яўляемся сведкамі гэтага», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што «сёння ў Шуміліне стаіць касцёл, поўны людзей, і гэта знак Божай ласкі».

Біскуп прыгадаў, як праз гэтыя тэрыторыі ў свой час ішлі пілігрымкі, а «людзі, якія забыліся, што такое касцёл ці царква, здзіўлена пыталіся ў пілігрымаў, чаго яны ідуць пешшу, а не едуць у аўтобусе». «Сёння ніхто гэтаму не здзіўляецца, людзі цэняць, што сустрэнуць законную сястру ці святара, — адзначыў віцебскі ардынарый. — Перад намі яшчэ доўгі шлях, і варта задумацца, як шмат мы з вамі яшчэ павінны зрабіць дзеля Божага Валадарства».

Па словах іерарха, святары, якія служаць сёння ў дыяцэзіі, калі вучыліся ў семінарыі,  не падазравалі, што ім прыйдзецца займацца не толькі непасрэдна святарскім служэннем, але і што на іх плечы ўпадзе будаўніцтва касцёлаў і рэгістрацыя парафій. Пры гэтым біскуп дадаў: «Божая справа заўсёды здзяйсняецца. Першы, хто здзяйсняе гэтыя цуды, — сам Пан Бог. Чалавек вельмі слабы, гэта пясчынка ў акіяне сусвету. Але Бог гэтым карыстаецца, каб здзейсніць сваю справу ў свеце, і мы павінны пра гэта памятаць».  

Пасля Імшы прысутныя разважалі над радаснымі таямніцамі Ружанца падчас удзелу ў  ружанцовай працэсіі.

На заканчэнне быў праспяваны гімн «Цябе, Божа, праслаўляем» як малітва падзякі за 15-годдзе існавання дыяцэзіі.

Гісторыя
 
Віцебская дыяцэзія была заснавана 13 кастрычніка 1999 года Папам Янам Паўлам ІІ на моцы булы «Ad aptius consulendum». Тады ж першым біскупам дыяцэзіі быў прызначанаы біскуп Уладзіслаў Блін, да гэтага часу пробашч архікатэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве, а касцёл св. Барбары быў узнесены да годнасці кафедральнага.  

Віцебская дыяцэзія была створана з часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і на момант утварэння складалася з 53 парафій, у якіх служылі 33 святары і 33 законныя сястры. На сённяшні момант у дыяцэзіі 137 парафій, аб’яднаных у 12 дэканатаў.

18 чэрвеня 2011 г. па просьбе віцебскага ардынарыя  і рашэннем Папы Бэнэдыкта XVI тытул катэдральнага касцёла дыяцэзіі атрымаў новы касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

У лютым 2013 г. біскуп Уладзіслаў Блін выйшаў на пенсію, а 29 лістапада новым ардынарыем дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз Алег Буткевіч, да гэтага часу пробашч віцебскай парафіі Св. Антонія. 18 студзеня 2014 г. яму было ўдзелена біскупскае пасвячэнне.

Біскуп Алег Буткевіч атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 13 мая 2000 г. у Віцебскай катэдры св. Барбары разам з чатырма іншымі дыяканамі. Гэта было першае пасвячэнне ў гісторыі Віцебскай дыяцэзіі і першае, якое ўдзяліў біскуп Уладзіслаў Блін. Пасля многія з прысутных у катэдры накіраваліся ў Шуміліна, дзе адбылася першая ўрачыстасць у Віцебскай дыяцэзіі ў гонар Маці Божай Фацімскай, якая праходзіла на стадыёне, куды фігуру Маці Божай унеслі новапрэзбітэры. Тады ж было вырашана будаваць касцёл Маці Божай Фацімскай. Неўзабаве пад санктуарый быў набыты недабудаваны будынак Дома культуры імя Леніна, што знаходзіўся на ўскрайку пасёлка.    

13 кастрычніка 2011 г. па даручэнні біскупа Уладзіслава Бліна тагачасны дэкан ксёндз Алег Буткевіч асвяціў будынак санктуарыя.      

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў