З 10 па 12 кастрычніка — месяца, прысвечанага ў Каталіцкім Касцёле ружанцовай малітве, — у Оршы адбыўся першы тур рэкалекцый «Школа хрысцiянскага жыцця i евангелiзацыi».
«Вялікі гонар для нас — маліцца. Я вам гэта дакажу. О, якая веліч у чалавеку! Ён дапушчаны, разам з анёламі, маліцца Богу, Які схіляецца да свайго стварэння! Ці ведаеце, што калі мы молімся, Пан Бог нахіляецца да нас, як бацька, які слухае сваё дзіця. Малітва вызваляе нашу душу ад прыхільнасці да матэрыяльнага; яна ўзносіць яе, як агонь, які раздзімае паветраны шар. Той, хто не моліцца, схіляецца да зямлі, як крот, які шукае нару, каб схавацца. Гэта людзі зусім зямныя, зусім нячулыя (да ўсяго духоўнага), якія думаюць толькі пра рэчы мінаючыя», — казаў святы Ян Марыя Віянэй.
Падчас рэкалекцый моладзь, сем’і, старэйшыя асобы ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі, у разважанні над Божым словам, прыступалі да сакрамэнту пакаяння, слухалі духоўныя канферэнцыі, адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт, дзяліліся перажытым у малых групах і славілі Бога ў малітве праслаўлення. Такім чынам удзельнікі вучыліся чуць сэрцам Божае слова і жыць паводле Яго.
Напрыканцы рэкалекцый удзельнікі дзяліліся тым, што перажылі і дасведчылі падчас духоўных практыкаванняў: многія з іх сустрэліся з міласэрнасцю і любоўю Бога ў сакрамэнце пакаяння; некаторыя знайшлі сапраўдны спакой і радасць, атрымаўшы ад Бога ласку прабачыць тым, хто іх параніў, і жыць, давяраючы людзям, нават рызыкуючы зноў быць параненымі; іншыя адкрылі для сябе жывога Бога падчас малітвы праслаўлення і сустрэч у малых групах. «Ён быў там», — дасведчыла падчас Эўхарыстыі адна з удзельніц рэкалекцый.
Наступны тур рэкалекцый «Школа хрысцiянскага жыцця i евангелiзацыi» адбудзецца ў Оршы 17–19 кастрычніка, а 24–29 кастрычніка там жа пройдзе «Аазіс» для моладзі 14–18 гадоў.
Кантактны тэлефон: +375 33 329 46 48.
Генрых Голуб
|