Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафія ў Лучаі адзначыла фэст святога Юды Тадэвуша
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
27.10.2014 11:54

25 кастрычніка парафія ў Лучаі святкавала фэст святога Юды Тадэвуша, апостала.

У касцёле знаходзіцца бочны алтар у гонар нябеснага заступніка, а над ім фрэска з выявай святога. Два гады таму святыні падарылі абраз святога Юды Тадэвуша, вышыты крыжыкам — плён працы парафіянак, маці і дачкі. Перад гэтым абразом, упрыгожаным кампазіцыямі з кветак, распачалася ў дзень фэсту адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Моладзевы гурт з віцебскай парафіі Святога Духа, спяваючы пад гітарны акампанемент, разважаў над хвалебнымі таямніцамі Ружанца.

Адпустовую ўрачыстасць узначаліў кс. Віктар Місевіч, галоўны рэдактар газеты Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі веснік». Гамілію прамовіў кс. Валерый Марціноўскі, студэнт біблістыкі Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне (Польшча). Святар засяродзіў увагу на значэнні малітвы ў жыцці чалавека, растлумачыў значэнне імя Тадэвуш, якое на габрэйскай мове азначае «той, хто блізка да сэрца» або «адважны». Галоўным скарбам святар назваў добрае сэрца, а таксама прыгадаў свайго дзядулю Тадэвуша, які стаў для яго прыкладам, бо заўсёды знаходзіў час на размову з Богам — маліўся раніцай і вечарам, і гэты час быў святым для ўсёй сям’і.

У працэсіі з дарамі падчас Імшы прадстаўнікі вёсак, якія адносяцца да лучайскай парафіі, унеслі крыж, Святое Пісанне, хлеб, плады зямлі, кветкі, віно і ваду, гостыю.

Падчас Эўхарыстыі спяваў хор з віцебскай парафіі Святога Духа.

Імша завяршылася літаніяй да святога Тадэвуша і працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні. Вернікі праcпявалі гімн «Цябе, Бога, праслаўляем», «Магутны Божа», а на заканчэнне традыцыйны «Лучайскі гімн» у новай інтэрпрэтацыі аргана.

Затым прысутным была прапанавана канцэртная праграма. Першым выступіў дуэт акардэаністаў з Мінска: Аляксандра Бузун і Дзмітрый Корсак. Дзмітрый выступае ў Лучаі ў трэці раз. Дуэт прадставіў слухачам некалькі твораў класічнай музыкі. Сярод запрошаных артыстаў былі таксама музыкі з Мінскай дзяржаўнай філармоніі: Таццяна Грыневіч з сынам Адасем, Надзея Міцэвіч і Юрый Габрусь. У выкананні Таццяны пад акампанемент гітары прагучалі творы на словы Максіма Танка, Сяржука Сокалава-Воюша, Максіма Багдановіча. Слухачы мелі магчымасць паслухаць гучанне двухсотгадовага аргана. Арганіст Юрый Габрусь выканаў некалькі твораў класічнай музыкі. Квартэт артыстаў выканаў і касцёльныя песні. Прагучаў таксама традыцыйны для Лучая паланэз «Развітанне з Радзімай» на словы Сяржука Сокалава-Воюша. Скончыўся канцэрт хрысціянскім гімнам «Магутны Божа» ў выкананні артыстаў і вернікаў.

Пасля на прыкасцёльнай тэрыторыі адбылося асвячэнне трох барэльефаў у старажытнай агароджы: адзін з іх створаны на сродкі турыстаў, якія прыбываюць у Лучай тысячамі, а два астатнія — на ахвяраванні шаркаўшчан.

Прысутныя былі запрошаны на чарговае свята «Андрэйкі», якое плануецца ў парафіі ў апошнюю суботу перад Адвэнтам — 29 лістапада.

Паводле luchai.by

(AG)

 

Фота luchai.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў