Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Аазісу» ў Оршы споўнілася два гады
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.11.2014 11:21

На восеньскім «Аазісе», які адбываўся з 24 па 29 кастрычніка ў аршанскай парафіі Св. Юзафа, «Аазіс» у Оршы (Віцебская дыяцэзія) адзначыў два гады. Ужо два гады моладзь з усіх куткоў Беларусі з’язджаецца туды на школьных канікулах.

«Гэта цудоўна, калі моладзь праводзіць свае канікулы з Айцом, ахвяруе свой вольны час, які можа правесці з роднымі, час падрыхтоўкі да новай чвэрці, навучальнага года ці экзаменаў, — кажа Вераніка Страха. — Гэта неймаверна таму, што цяпер, у час заняпаду маралі, культуры размовы, цноты, калі маладыя людзі забываюць пра духоўнае і ідуць за д’яблам, калі на першы план выходзіць уласнае “я”, калі моладзь залежаць ад сацыяльных сетак, новых гаджэтаў, камп’ютарных гульняў, калі алкаголь і наркотыкі — гэта норма, калі дзяўчынкі з 14 гадоў сядзяць у абартарыi і чакаюць сваёй чаргі, каб ім зрабілі аборт.

“Аазіс” — гэта месца, дзе маладыя людзі могуць, як губка, увабраць у сябе культуру зносін, паводзін адзін з адным, духоўную сілу, каб гаварыць пра Айца сваім сябрам, знаёмым, аднакласнікам, каб не ісці за чыімсьці няправільным меркаваннем, сказаць “Не, я не буду” ці “Не, я не такі”. Зразумець, што менавіта ты — найважнейшая каштоўнасць Айца, што Ён цябе любіць такім, які ты ёсць. “Аазіс” — гэта месца, дзе яны пачынаюць мяняць сваё жыццё, адракаюцца ад няправільных учынкаў і грахоў, даруюць блізкім і знаёмым, распазнаюць любоў Айца, спазнаюць, што Бог з’яўляецца іх сапраўдным Татам. Калі прыязджаеш на “Аазіс”, увесь свет для цябе менавіта там, цябе не цікавіць, што дзеецца за яго брамамі, на першае месца выходзіць Айцец».



Самыя запамінальныя моманты за два гады дзейнасці «Аазісу» — гэта, па-першае, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Валанцёры арганізацыі Pro-life распавядалі пра аборты і іх наступствы, кантрацэпцыю, венерычныя захворванні, фемінізм і інш. Удзельнікі «Аазісу» сустрэліся з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам і сакратаром Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі монс. Філіппо Чампанэллі, якім маглі задаць пытанні, паразмаўляць пра хвалюючае, правесці час разам.

Па-другое — гэта малітвы, пачынаючы ад штодзённай малітвы праслаўлення, ранішніх і вячэрніх малітваў, святой Імшы і заканчваючы малітвай Айца, малітвай Тэзэ, малітвай прыняцця Езуса, малітвай Майсея і інш. Многія з моладзі ўпершыню пазнаёміліся з гэтымі малітвамі на «Аазісе». Па-трэцяе — гэта канферэнцыі на тэму «Аазісу»: на «Аазісе» ў Оршы яны напоўнены пастаноўкамі, гісторыямі з жыцця, сведчаннямі, відэа і прэзентацыямі, смешнымі апавяданнямі.

У праграме «Аазісу» ёсць і такі пункт, як «святыя тынэйджары». Удзельнікі даведаліся пра маладых людзей, якія дзякуючы сваім учынкам, жаданню быць з Айцом сталі святымі.

Па-чацвёртае — гэта тэматычныя вечары, кожны з якіх асаблівы.

Вось што адзначаюць удзельнікі «Аазісу»:

Ганна Самстыка, удзельніца:

«Пры слове “Аазіс” я ўяўляю Оршу. Гэта месца, дзе я цалкам адпачываю з Богам, дзе я не баюся сказаць пра Бога і цэлымі днямі малюся. “Аазіс” дапамог разабрацца ў сабе і знайсці правільную дарогу ў будучыню. Мяне вельмі цешыць, што ёсць моладзь, якая ведае, хто такі Бог, і можа доўга распавядаць пра Яго. Мяне прыемна здзівіла тое, як моладзь можа весяліцца, радавацца, жартаваць, не ўжываючы алкаголю, наркотыкаў, нецэнзурных словаў і г.д. На “Аазісе” я пазнаёмілася з вельмі класнымі людзьмі. Асабіста для мяне “Аазіс” — гэта месца, куды я хачу вяртацца зноў і зноў, гутаркі, малітвы, вечары, канферэнцыі, новыя знаёмствы — усё гэта бясцэннае. “Аазіс” для мяне як родная сям’я».



Слава Ванковіч, аніматар:

«“Аазіс” для мяне месца, дзе я ўмацоўваю сваю веру, дзе ўва мне запальваецца агонь, якім хочацца дзяліцца і свяціць у гэтым свеце! На “Аазісе” я змяніў многія свае прынцыпы, погляды (у адпаведнасці з Бібліяй), менавіта там я зразумеў, што ў Бога заўсёды ёсць план для мяне, і ён шыкоўны, і што ўсё, што адбывалася ў маім жыцці, было не проста так. Гэта таксама месца, дзе я змог ачысціцца ад грахоў»

Паліна Белякова, аніматар:

«“Аазіс — гэта тое месца, дзе я пазнаёмілася з жывым Богам. Гэта месца, дзе Бог змяняе кожнага чалавека, кожнага тынэйджара. Ён дзейнічае ў маім жыцці, паказвае сябе ў простых рэчах. Ён навучыў мяне радавацца кожнаму дню, шанаваць кожны момант. На “Аазісе” я набыла новых сяброў, адкрыла ў сабе новы талент. Пасля яго ў мяне з’явілася жаданне дапамагаць, служыць іншым, быць для кагосьці святлом у нашым грэшным свеце. “Аазіс” — гэта крыніца, з якой я бяру сілы, дзе Пан умацоўвае мяне. Ён вядзе мяне па жыцці, і за гэта Яму хвала!»

Яна Галаватка, удзельніца:

«Шмат часу я адкладала магчымасць паехаць на “Аазіс”, але калі прыехала туды ўпершыню, маё жыццё цалкам змянілася. Я спазнала Бога, свайго Тату, стала сапраўдным вучнем Хрыста. Я сустрэла такіх цудоўных, вельмі цудоўных людзей, сапраўдных хрысціянаў, якіх аб’ядноўвае адно, самае галоўнае — Бог! “Аазіс” — гэта своеасаблівы востраў. Востраў для ратавання нямоглых грэшных душ. Вельмі прыемна бачыць, як навяртаюцца людзі, як яны знаходзяць сэнс жыцця і атрымліваюць уратаванне ў Богу, дзякуючы “Аазісу”. Для мяне “Аазіс” — гэта своеасаблівая зарадка, на ім я зараджаюся, насычаюся Божымі ласкамі, Божай міласэрнасцю і любоўю. А потым вяртаюся ў штодзённасць і выкарыстоўваю ўсё тое, што атрымала падчас “Аазісу”. Я спадзяюся, што яшчэ не раз вярнуся на гэты востраў “ўратавання жыцця”»

Моладзь запрашаецца на зімовы «Аазіс» у Оршу, які пройдзе з 26 снежня па 3 студзеня.

Вераніка Страха, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў