29 лістапада ў Паставах (Віцебская дыяцэзія) прайшоў дыяцэзіяльны турнір па міні-футболе сярод міністрантаў. У турніры прынялі ўдзел дружыны міністрантаў з Мёраў, Глыбокага, Варапаева і Паставаў.
Святую Імшу ў пастаўскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага з нагоды турніру ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Разам з біскупам літургію канцэлебравалі арганізатары турніру: кс. Андрэй Бульчак, кс. Юрый Вільк і кс. Аляксандр Грыцкевіч. У гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць спартыўных спаборніцтваў у жыцці моладзі, асабліва хлопцаў, якія прыслужваюць пры алтары, адзначыўшы, што дзякуючы каманднаму духу, прысутнаму падчас спаборніцтваў, умацоўваецца фундамент хрысціянскай супольнасці Касцёла.
Пасля Імшы каманды вызначыліся з парадкам спаборніцтваў і правялі кароткую размінку. Першыя гульні адзначаліся выпрацоўкай тактыкі. Паступова пазначыліся і лідары — каманды з Мёраў і Паставаў. Гаспадары турніру адзначаліся добрай сыгранасцю і моцным камандным духам, а акрамя таго актыўнай групай падтрымкі. Госці з Глыбокага і Варапаева таксама не саступалі камандзе Паставаў у гульні. Дзякуючы трапным парадам свайго пробашча і духоўнай падтрымцы сястры Мар’яны, прыгожую гульню паказалі міністранты з Варапаева, якія і сталі бронзавымі прызёрамі турніру.
У фінале сустрэліся каманды з Паставаў і Мёраў. Прадказаць вынік гульні было вельмі цяжка, бо клас гульні быў прыкладна аднолькавы. Інтрыга і напружанасць захоўваліся амаль да фінальнага свістку. Толькі пад канец другога тайму міністранты з Мёраў дабіліся яўнай перавагі ў галах. У выніку першае месца заняла каманда з Мёраў, срэбра — у міністрантаў з Паставаў.
Узнагароджваў пераможцаў біскуп Алег Буткевіч, які павіншаваў прызёраў з перамогай і падзякаваў усім за сапраўднае свята футболу.