Ва ўспамін св. Мікалая прайшло свята для дзяцей Браслаўшчыны, якія маюць праблемы са здароўем |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
07.12.2014 17:57 |
6 снежня, ва ўспамін св. Мікалая, біскупа, было арганізавана свята для дзяцей Браслаўшчыны, якія маюць праблемы са здароўем. Пры браслаўскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі для іх была праведзена духоўна-забаўляльная праграма.
Свята пачалося пасля супольнай малітвы разам з пробашчам парафіі кс. Станіславам Мжыгладам. Сястра эўхарыстка Таццяна разам з парафіяльнай моладзю падрыхтавалі для гасцей невялікі спектакль, у якім было паказана, як проста страціць духоўную чысціню і трапіць у залежнасць ад дрэнных звычак, калі губляеш веру і сувязь з Богам. Маленькія артысты з цэнтра дзяцей і моладзі парадавалі прысутных спевам. Дзеці падпявалі, а пасля выступленняў самі выходзілі ў кола, танцавалі, дэманстравалі свае здольнасці ў розных рухомых гульнях.
Кожнаму, хто выходзіў на сцэну ці вызначаўся ў гульнях, “святы Мікалай” уручаў падарунак. На развітанне ён таксама адарыў гасцей мяккімі цацкамі і прысмакамі.
На свята прыйшлі і дарослыя асобы з абмежаванымі магчымасцямі, многія актыўна ўдзельнічалі ў ім.
Цікавасць у прысутных выклікала выстава работ, разгорнутая да гэтага дня Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і карэкцыйным цэнтрам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Завяршылася свята сумесным абедам.
Паводле waladarka.by (AG) Фота waladarka.by
|