5-7 снежня ў Оршы ўпершыню ў Віцебскай дыяцэзіі прайшлі «сужэнскія сустрэчы» для пар Віцебшчыны.
Гэтай падзеі папярэднічаў клопат айцоў дамініканаў з парафіі Св. Барбары аб неабходнасці ўзмацнення фармацыі сужэнстваў. Па благаслаўленні біскупа Віцебскага Алега Буткевіча за гэтую місію ўзяўся а. Браніслаў Дашкевіч ОР.
На першыя рэкалекцыі прыехалі пяць сужэнскіх пар з Віцебска. Па словах саміх сужэнцаў, ехалі яны з вялікім скепсісам, бо раней удзельнічалі і ў «Хатнім Касцёле», і ў рэкалекцыях сясцёр назарэтанак.
«Мы не ставілі спецыяльных задач уразіць скептыкаў або стварыць асаблівае ўражанне пра сябе, рабілі тое, чым ужо больш за 10 гадоў займаемся з Беларусі, але трэба сказаць, што склад вядучых быў даволі моцны, — распавялі Павел і Алена Кузьміцкія. — Пасля рэкалекцый мы пачулі ад удзельнікаў тое, чаго зусім не чакалі: “Шчырасць, з якой вы прадстаўлялі цяжкія моманты, не пакінула нам магчымасці быць павярхоўнымі ў дыялогу ўнутры сужэнства, мы дакрануліся ў дыялогах да такіх глыбокіх рэчаў, якія насілі гадамі і былі ўпэўнены, што ніколі не зможам пра іх казаць… Было невыносна балюча як дзяліцца гэтым, так і чуць праўду пра свайго сужэнца. Мы абое былі ўпэўнены, што ўсё скончыцца разводам. Але… Не разумеем, як гэта атрымалася, зараз нам вельмі лёгка, мы змаглі па-іншаму паглядзець на мінулае і з новай перспектывай на будучыню».
Наступныя «сужэнскія сустрэчы» ў Оршы запланаваны на вясну 2015 г. (AG)
|