7 снежня парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна (Віцебская дыяцэзія) наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас Імшы іерарх удзяліў некалькім дзясяткам вернікаў сакрамэнт канфірмацыі. Напрыканцы Імшы быў асвечаны помнік памяці ненароджаных дзяцей.
Вернікі сустрэлі біскупа вершамі, спевамі, словамі падзякі і пажаданнямі плённага служэння. Іерарх у сваю чаргу выказаў yдзячнасць прысутным, асабліва моладзі і мужчынам, якіх у такой колькасці, па яго словах, мала дзе сустрэнеш у касцёле, дадаўшы, што вельмі прыемна бачыць касцёл, поўны людзей.
Біскуп узгадаў, што, калі яшчэ не вучыўся ў семінарыі, то менавіта ва Удзеле ў яго быў першы этап усведамлення свайго паклікання. Іерарх падзякаваў айцам францішканам, якія падтрымліваюць святыню ў належным стане, захоўваюць веру і праслаўляюць Бога.
На заканчэнне святочнай Эўхарыстыі адбылося асвячэнне помніка памяці ненароджаных дзяцей, які быў зроблены і ўсталяваны на тэрыторыі касцёла намаганнямі святароў, вернікаў і мясцовых уладаў.
Па словах пробашча парафіі а. Яраслава Банасяка, гэты помнік вырашылі паставіць у год кананізацыі Папы Яна Паўла II, які быў абаронцам гэтых дзяцей, каб не толькі мясцовыя, але і турысты маглі паразважаць на гэтую тэму. Адзін з элементаў помніка – крыж — з’яўляецца знакам перамогі Хрыста над смерцю. Ён замацаваны на скале, якая азначае, што трэба мацаваць сваё жыццё на Хрысце, а таксама вечных і трывалых каштоўнасцях. Скульптура Маці Божай – абаронцы ненароджаных дзяцей, якая ахоплівае разарваных дзяцей пры аборце, - кажа пра тое, што кожная жанчына можа стаць абаронцай гэтых дзяцей.
Пасля асвячэння каля помніка былі пастаўлены свечкі смутку ў выглядзе ліхтароў.
Паводле catholicnews.by (AG)
|